Мінск 01:35

МЗС Беларусі: Мадура гатовы развіваць двухбаковае супрацоўніцтва па шырокім спектры напрамкаў

28 жніўня, Позірк. Аб гатоўнасці развіцця двухбаковых адносін па “шырокім спектры напрамкаў” заявіў 27 жніўня прызнаны афіцыйным Мінскам прэзідэнтам Венесуэлы Нікалас Мадура падчас цырымоніі ўручэння яму паслом Дзмітрыем Дзеравінскім даверчых грамат, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Паводле сцвярджэння МЗС, лацінаамерыканскі палітык назваў ролю Аляксандра Лукашэнкі “значнай” ва ўмацаванні міждзяржаўнага дыялогу, а пазіцыя афіцыйнага Мінска “паслядоўнай” і “накіраванай на забеспячэнне стабільнасці і развіцця краіны”.

Мадура падзякаваў Мінску за падтрымку ў кантэксце “актуальнага рэгіянальнага парадку дня” і пацвердзіў “намер наведаць з візітам” Беларусь.

27 жніўня МЗС Беларусі “рашуча асудзіла любыя агрэсіўныя дзеянні, накіраваныя на стварэнне напружанай міжнароднай абстаноўкі ў Карыбскім басейне і ў Лацінскай Амерыцы ў цэлым”.

“Лічым недапушчальнымі бяздоказныя і палітычна матываваныя абвінавачанні ў адрас <…> Венесуэлы і яе кіраўніцтва, у падтрымцы тэрарызму і незаконнага абароту наркотыкаў”, — гаворыцца ў заяве.

Мінск пацвердзіў падтрымку “законна абранаму прэзідэнту <…> Мадура і ўраду краіны, паслядоўна выступаючы за захаванне яе суверэнітэту, незалежнасці і стабільнасці”.

У пачатку жніўня Міністэрства юстыцыі і Дзярждэпартамент ЗША аб’явілі аб узнагароджанні ў памеры 50 млн долараў за інфармацыю, якая прывядзе да арышту Мадура. Генпракурор ЗША Пэм Бондзі назвала Мадура “адным з найбуйнейшых наркагандляроў у свеце і пагрозай для нашай нацыянальнай бяспекі”. За інфармацыю аб Дыясдада Кабельё, былым кіраўніку Нацыянальнай канстытуцыйнай асамблеі Венесуэлы, прызначаная ўзнагарода ў памеры 25 млн даляраў.

Мадура ў адказ распарадзіўся прывесці ўзброеныя сілы краіны ў баявую гатоўнасць.

25 жніўня стала вядома, што ў Венесуэле пачалася добраахвотная мабілізацыя ў адказ на ціск ЗША. Улады заявілі аб “гібрыднай вайне”, апазіцыя заклікала ігнараваць мабілізацыю.

Абвастрэнне таксама звязана з узмацненнем ваеннай прысутнасці ЗША ў рэгіёне, бо Вашынгтон заявіў аб накіраванні ў Карыбскі рэгіён марской эскадры, у склад якой уваходзяць караблі USS San Antonio, USS Iwo Jima і USS Fort Lauderdale. На борце гэтых судоў каля 4.500 вайскоўцаў, якія могуць прыбыць у прыбярэжныя воды Венесуэлы на працягу некалькіх дзён.

Прэс-сакратар Белага дома Каралін Лівіт заявіла, што аперацыя абумоўлена неабходнасцю барацьбы з наркатрафікам: “Мы гатовы выкарыстоўваць увесь арсенал сваіх магчымасцей, каб спыніць паток наркотыкаў”.

Мадура кіруе Венесуэлай з 2013 года — пасля смерці ранейшага аўтарытарнага кіраўніка Уга Чавеса. 28 ліпеня 2024 года ў Венесуэле адбыліся прэзідэнцкія выбары, паводле іх афіцыйных вынікаў Мадура заняў прэзідэнцкую пасаду ў трэці раз. Супраць Венесуэлы ўведзены шэраг міжнародных санкцый.

Рэжым Лукашэнкі з’яўляецца саюзнікам венесуэльскага.

Падзяліцца: