Мінск 01:25

Шчытцова пакінула пасаду дарадцы Ціханоўскай

28 жніўня, Позірк. Дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Таццяна Шчытцова пакідае пасаду.

У сваім акаўнце ў “Фэйсбуку” яна ўказала, што цэлы шэраг прычын “не дазваляў далей плённа выконваць гэтую місію”. Разам з тым Шчытцова назвала чатыры гады “інтэнсіўнай працы” крыніцай “унікальнага палітычнага і грамадзянскага вопыту”.

“Міжнародная падтрымка і плённае супрацоўніцтва розных арганізацый грамадзянскай супольнасці дапамаглі зрабіць шмат важнага для беларускай адукацыі і навукі”, — сцвярджае яна.

На думку вучонай, адукацыя — гэта адзін з галоўных паказчыкаў сучаснасці і дэмакратычнасці грамадства і дзяржавы: “Я пераканана, што беларускі народ мае вялікі інтэлектуальны патэнцыял, які ў хуткім часе дапаможа пабудаваць у Беларусі сапраўднае “грамадства ведаў”.

Паводле слоў дэмлідара, якія прыводзіць прэс-служба Ціханоўскай, Шчытцова “ўнесла вялікі ўклад [у працу]: дапамагала беларускім выкладчыкам і студэнтам, якія пацярпелі ад рэжыму, шукала міжнародную падтрымку для нашых вучоных, садзейнічала развіццю беларускамоўнай адукацыі для дзяцей у эміграцыі”.

Падзякаваўшы былой супрацоўніцы, палітык падкрэсліла, што гэта была праца, якая “патрабавала мудрасці і настойлівасці”: “Таццяна зрабіла ўсё, каб беларускія педагогі і даследчыкі адчувалі, што яны не адны”.

55-гадовая Таццяна Шчытцова — прафесар акадэмічнага дэпартамента сацыяльных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

У 2024 годзе выпусціла кнігу “Салідарнасць узрушаных. Эсэ аб Беларускай рэвалюцыі”.

19 жніўня паведамлялася, што эканаміст Алесь Аляхновіч пакінуў пасаду дарадцы Ціханоўскай па эканамічных рэформах. Прычынай у тэлеграм-канале дэмлідэра названы “асабістыя абставіны”.

Падзяліцца: