Мінск 01:31

Чыноўнікі называюць санкцыі першай прычынай невыканання мэтавых паказчыкаў дзяржпраграм на 2021–2025 гады

28 жніўня, Позірк. Санкцыі дэмакратычных краін згаданыя першымі сярод асноўных прычын невыканання мэтавых паказчыкаў дзяржаўных праграм на 2021–2025 гады.

Тэме рэалізацыі дзяржпраграм прысвечаны артыкул “Карэкціроўка падыходаў да дзяржаўнага праграмавання“ намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення метадалогіі і каардынацыі дзяржаўных праграм Міністэрства эканомікі Вольгі Невера для жнівеньскага нумара штомесячнага навуковага практычнага часопіса “Финансы. Учет. Аудит“ (заснавальнікі — Міністэрства фінансаў, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, “Белдзяржстрах”).

Матэрыял для часопіса напісаны па выніках разгляду ходу выканання дзяржпраграм прэзідыумам Савета міністраў 11 чэрвеня 2025 года.

У артыкуле адзначаецца, што ў 2024 годзе ў краіне рэалізоўвалася 29 дзяржпраграм: 24 — “сацыяльна-эканамічнай накіраванасці“, 5 — у сферы нацыянальнай бяспекі. Асобна згадваецца Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця: яе фармаванне і маніторынг ажыццяўляюцца “ў адмысловым парадку“.

Гэтыя 29 праграм летась уключалі 64 зводных мэтавых паказчыкі (характарызуюць дасягненне мэты праграмы ў справаздачным перыядзе) і 624 мэтавых (адлюстроўваюць выкананне задач заказчыкамі і/або выканаўцамі). У 2021 годзе такіх паказчыкаў было адпаведна 57 і 439. Доля нявыкананых за чатыры гады скарацілася з 24,6% да 18,8% і з 17,5% да 14,6%, адзначае аўтар.

З 2.322 мерапрыемстваў дзяржпраграм у 2024 годзе часткова выканана 8,3% (193), не выканана 6,8% (158). У 2021-м было адпаведна 11,1% і 9,8%.

Невера прыводзіць пяць асноўных прычын, якімі адказныя заказчыкі (міністэрствы і ведамствы) патлумачылі невыкананне альбо недавыкананне “мерапрыемстваў і звязаных з імі паказчыкаў“.

Пад першым пунктам — “знешнепалітычныя, уключаючы наступствы санкцый у дачыненні да Беларусі, якія ўжываюцца недружалюбнымі краінамі, адмова міжнародных фінансавых арганізацый ад фінансавання зацверджаных праектаў”.

Далей: 2) “Супрацьэпідэмічныя абмежаванні, выкліканыя COVID-19, у тым ліку рэкамендацыі ўрадаў шэрагу краін устрымацца ад замежных паездак і забаронаў на выезд за мяжу (так у арыгінале. — “Позірк”.); фармальнасці, звязаныя з неабходнасцю каранціну па вяртанні з Беларусі (паўплывала на ацэнку з нарастаючым вынікам)”; 3) “Працягласць (зацягванне) падрыхтоўкі праектнай дакументацыі, нарматыўных прававых актаў, няспрытнасць выканаўцаў мерапрыемстваў”; 4) “Атрыманне адмоўнага заключэння дзяржаўнай навукова-тэхнічнай экспертызы, а таксама неабходнасць змены найменняў, тэрмінаў выканання асобных мерапрыемстваў па выніках дадзенай экспертызы“; 5) “Не адбыліся працэдуры дзяржаўных закупак, у тым ліку нездавальняючыя вынікі праведзеных конкурсаў”.

Іншыя падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+” (калі спасылка не працуе, карыстайцеся, калі ласка, гэтай)

Падзяліцца: