Мінск 21:18

Чыноўніца Мінадукацыі: Калі дзіцяці на ўроках нельга карыстацца тэлефонам, то чаму настаўнік павінен сядзець, уткнуўшыся ў яго носам?

Фота: pixabay.com

28 жніўня, Позірк. У новым навучальным годзе настаўнікам будзе забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі падчас урока, аднак забіраць іх у педагогаў на гэты час не будуць, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Мінску 28 жніўня намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.

“Настаўнік — гэта прыклад для дзіцяці, і калі на ўроку нельга карыстацца дзіцяці тэлефонам, то чаму на ўроку настаўнік, нават калі клас выконвае нейкую самастойную пісьмовую працу, чаму настаўнік павінен сядзець, уткнуўшыся носам у тэлефон, увесці нейкую перапіску?” — заявіла чыноўніца.

Пры гэтым, паводле яе слоў, у настаўніка павінна быць экстраная сувязь, бо “ўсякае можа здарыцца”.

“Мы гэта таксама разумеем, таму якім чынам гэта будзе кантралявацца… А як адміністрацыя ўстановы адукацыі кантралюе якасць арганізацыі адукацыйнага працэсу? Урэшце, ёсць тое ж сарафаннае радыё”, — сказала Каржова.

“Калі з’явіцца нядбайны настаўнік, які ўсё ж такі выкажа жаданне, уткнуўшыся носам, весці перапіску па мабільным тэлефоне, мы ж разумеем, усё таемнае становіцца відавочным, гэта справа часу”, — дадала прадстаўніца ведамства.

Раней у Мінадукацыі “не сцякаліся такія факты, каб настаўнік злоўжываў мабільным тэлефонам падчас знаходжання ў школе як на ўроку, так і на перапынку”, бо “настаўніку ёсць чым заняцца і дзяжурачы на калідоры, і рыхтуючыся да ўрока, і на самім уроку», адзначыла Каржова.

1 верасня ўступае ў сілу пастанова Міністэрства адукацыі № 136 “Аб змяненні пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 3 жніўня 2022 г. № 227». Дакумент сярод іншага накіраваны на абмежаванне выкарыстання прылад мабільнай сувязі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

Пастанова ўносіць змены ў Правілы бяспекі арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. З новага навучальнага года мабільныя прылады вучні будуць здаваць у спецыяльныя камеры захоўвання перад пачаткам заняткаў, забраць тэлефоны будзе можна пасля ўрокаў.

Паводле зменаў у правілах, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі выкарыстанне педагогамі мабільных тэлефонаў “падчас адукацыйнага працэсу не дапускаецца».

Пры гэтым у дакуменце не канкрэтызуецца, дзе будуць захоўваць свае тэлефоны выкладчыкі, тады як алгарытм захоўвання для вучняў распісаны падрабязна.

Падзяліцца: