Мінск 00:41

Пакістан гатовы накіраваць у Беларусь некалькі тысяч работнікаў “пасля дбайнай праверкі”

Крыніца: mvd.gov.by

27 жніўня, Позірк. Некалькі тысяч пакістанцаў паедуць у Беларусь на працу, заявіў на сустрэчы з кіраўніком беларускага МУС Іванам Кубраковым 27 жніўня федэральны міністр унутраных спраў і кантролю за абаротам наркотыкаў Пакістана Мохсін Накві. Пра гэта паведамляе прэс-служба пакістанскага ведамства.

Бакі дамовіліся ўмацоўваць супрацоўніцтва ў галіне барацьбы з тэрарызмам і наркотыкамі, забеспячэння бяспекі межаў і падрыхтоўкі супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. Заключана пагадненне аб экстрадыцыі.

“Мы прыкладзем усе намаганні для накіравання ў Беларусь найлепшай рабочай сілы пасля дбайнай праверкі”, — заявіў міністр унутраных спраў Пакістана.

Адзначаецца таксама, што Накві мае намер наведаць Беларусь, аднак не сказана, калі пройдзе візіт.

МУС Беларусі паведаміла пра візіт Кубракова ў Пакістан, аднак інфармацыя пра намер прыняць некалькі тысяч работнікаў з Пакістана пакуль не апублікаваная.

11 красавіка Аляксандр Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Мінску з кіраўніком урада Пакістана Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць механізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць 100-150 тыс. спецыялістаў.

Гэтыя планы выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве, якая, у сваю чаргу, выклікала раздражненне ў беларускіх уладаў.

“Зацікаўленыя” хочуць “узбурыць беларускае грамадства” праблемай мігрантаў, у прыватнасці тэмай прыезду ў Беларусь работнікаў з Пакістана, заявіў Лукашэнка 25 красавіка на нарадзе аб развіцці раёнаў Гомельскай вобласці, пацярпелых ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС.

Міністэрства ўнутраных спраў адрапартавала аб выяўленні “актыўных правакатараў, якія наўмысна спрабавалі нагнятаць абстаноўку ў краіне і маніпуляваць грамадскай думкай“, распаўсюджваючы інфармацыю аб уездзе ў Беларусь 150 тыс. грамадзян Пакістана. МУС не згадвала, што гаворка ідзе пра непаўналетняга грамадзяніна, як сцвярджаў Лукашэнка.

Звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал апублікаваў відэазапіс з затрыманымі за каментары і ролікі ў “ЦікТоку“ 18-гадовым хлопцам і 20-гадовай дзяўчынай. Маладыя людзі выбачаліся на камеру за “распаўсюд фэйкаў“ і “гнеўныя каментары на адрас жыхароў цудоўнай краіны Пакістана”.

14 жніўня прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама паведаміла, што інфармацыя, распаўсюджаная ў інтэрнэце, пра бойку ў Мінску групы пакістанцаў, “не адпавядае рэчаіснасці“.

“Аб дадзеным інцыдэнце, які адбыўся 19 чэрвеня бягучага года, супрацоўнікам міліцыі стала вядома ў гэты ж дзень, — гаварылася ў рэлізе. — Аператыўнікі затрымалі парушальнікаў — замежных студэнтаў, якія навучаюцца ў сталічным універсітэце ўжо некалькі гадоў. Цяпер па гэтым факце праводзіцца праверка”.

Трое замежнікаў, чыё грамадзянства не было названае, “змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання“, “у дачыненні да затрыманых складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне грамадскага парадку, таксама будзе разгледжанае пытанне аб іх выдварэнні з краіны“.

Сталічная міліцыя сцвярджае, што выакананне замежнікамі міграцыйнага заканадаўства “знаходзіцца на пастаянным кантролі — да парушальнікаў ужываюцца розныя меры ўздзеяння аж да выправаджэння“.

Замежнікаў з Беларусі выправаджаюць за парушэнне закона, у прыватнасці правілаў дарожнага руху (ПДР), распаўсюджванне наркотыкаў або хуліганства. У траўні з краіны былі высланыя грамадзянін Туркменістана і два мараканскія студэнты, адпаведна за парушэнне ПДР і бойку. У чэрвені быў высланы грамадзянін Кот-Д’івуара, у ліпені — грамадзяне “адной з краін Балтыі” і Туркменістана.

У МУС паведамлялі, што за сем месяцаў 2025 года з Беларусі было выправаджана амаль 3 тыс. замежнікаў і асоб без грамадзянства.

14 жніўня Лукашэнка ў віншаванні прэм’ер-міністру Пакістана Шахбазу Шарыфу з Днём незалежнасці нагадаў яму пра “накіраванне пакістанскіх кваліфікаваных спецыялістаў для працы ў Беларусь“.

Падзяліцца: