Мінск 10:39

МЗС Беларусі заявіла аб падтрымцы Мадуры на фоне “абвастрэння абстаноўкі ў Карыбскім басейне“

Нікалас Мадура (злева) і Аляксандр Лукашэнка

27 жніўня, Позірк. Міністэрства замежных спраў Беларусі “рашуча асуджае любыя агрэсіўныя дзеянні, накіраваныя на стварэнне напружанай міжнароднай абстаноўкі ў Карыбскім басейне і ў Лацінскай Амерыцы агулам“, гаворыцца ў паведамленні знешнепалітычнага ведамства, апублікаваным 27 жніўня.

Падкрэсліваецца, што Беларусь “нязменна выступае за міжнароднае супрацоўніцтва ў барацьбе з наркатрафікам“.

“Разам з тым лічым недапушчальнымі бяздоказныя і палітычна матываваныя абвінавачванні ў адрас суверэнных дзяржаў, у прыватнасці Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла і яе кіраўніцтва, у падтрымцы тэрарызму і незаконнага абароту наркотыкаў“, — гаворыцца ў заяве.

У МЗС заклікалі ўсе бакі “строга кіравацца палажэннямі Статута ААН, перш за ўсё прынцыпамі адмовы ад пагрозы сілай або яе прымянення, а таксама неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў“.

“Рэспубліка Беларусь пацвярджае падтрымку законна абранаму прэзідэнту Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Нікаласу Мадуру і ўраду краіны, паслядоўна выступаючы за захаванне яе суверэнітэту, незалежнасці і стабільнасці“, — заявіў МЗС.

На пачатку жніўня Міністэрства юстыцыі і Дзярждэпартамэнт ЗША абвясцілі аб узнагародзе ў памеры 50 млн долараў за інфармацыю, якая прывядзе да арышту Мадуры. Генпракурор ЗША Пэм Бондзі назвала Мадуру “адным з найбуйнейшых наркагандляроў у свеце і пагрозай для нашай нацыянальнай бяспекі”. За інфармацыю пра Дыясдада Кабельё, былога кіраўніка Нацыянальнай Канстытуцыйнай асамблеі Венесуэлы, прызначаная ўзнагарода сумай 25 млн долараў.

Мадура ў адказ распарадзіўся прывесці ўзброеныя сілы краіны ў баявую гатоўнасць.

25 жніўня стала вядома, што ў Венесуэле пачалася добраахвотная мабілізацыя ў адказ на ціск ЗША. Улады заявілі пра “гібрыдную вайну”, апазіцыя заклікала ігнараваць мабілізацыю.

Абвастрэнне таксама звязанае з узмацненнем ваеннай прысутнасці ЗША ў рэгіёне, паколькі Вашынгтон заявіў аб накіраванні ў Карыбскі рэгіён марской эскадры, у склад якой уваходзяць караблі USS San Antonio, USS Iwo Jima і USS Fort Lauderdale. На борце гэтых судоў каля 4.500 вайскоўцаў, якія могуць прыбыць у прыбярэжныя воды Венесуэлы на працягу некалькіх дзён.

Прэс-сакратар Белага дома Каралін Лівіт заявіла, што аперацыя абумоўленая неабходнасцю барацьбы з наркатрафікам: “Мы гатовыя выкарыстоўваць увесь арсенал сваіх магчымасцяў, каб спыніць паток наркотыкаў“.

Мадура кіруе Венесуэлай з 2013 года — пасля смерці ранейшага аўтарытарнага кіраўніка Уга Чавеса. 28 ліпеня 2024 года ў Венесуэле адбыліся прэзідэнцкія выбары, згодна з іх афіцыйнымі вынікамі Мадура заняў прэзідэнцкую пасаду трэці раз. Супраць Венесуэлы ўведзены шэраг міжнародных санкцый. Рэжым Лукашэнкі з’яўляецца хаўруснікам венесуэльскага.

Падзяліцца: