Мінск 05:46

Беларускія птушкафабрыкі недаатрымаюць 140 млн долараў у год пасля ўскрыцця Кітаем схемы рээкспарту замежнай кураціны

Ілюстрацыя: JackieLou DL / pixabay.com

26 жніўня, Позірк. Беларусь штогод будзе недаатрымліваць каля 140 млн долараў пасля рашэння Кітая забараніць імпарт практычна ўсёй прадукцыі з птушкі. Праваахоўныя органы КНР выявілі схему рээкспарту замежнай кураціны пад выглядам беларускай, гаворыцца ў расследаванні Беларускага даследчага цэнтра.

Гаворка ідзе пра папулярны ў гэтай краіне прадукт — курыныя лапкі. Паводле звестак следчых, беларускія птушкафабрыкі павялічылі іх экспарт з 10 тыс. тон у 2020 годзе да 60 тыс. у 2023-м, заняўшы 11% рынку КНР. Аднак кітайскія партнёры выявілі, што Беларусь прадае на 30-40% больш лапак, чым здольная вырабляць. Ім стала відавочна, што Мінск закупляў чужую прадукцыю і прадаваў пад выглядам сваёй.

У жніўні — снежні 2023 года тры з пяці ліцэнзаваных пастаўшчыкоў страцілі права на экспарт, а ў снежні 2024-га Пекін амаль цалкам заблакаваў імпарт прадукцыі 11 з 13 фабрык.

У расследаванні адзначаецца, што праз Беларусь быў арганізаваны рээкспарт турэцкіх лапак брытанскай кампаніяй Monistar Business LP і кітайскай Winshun Trade Limited. Пасярэднікам у Беларусі выступала фірма“ГБК-Шаўковы шлях”. Складаны ланцужок перапродажу дазваляў атрымліваць прыбытак і пазбягаць падаткаў.

Журналісты высветлілі, што сярод уласнікаў Winshun Trade Limited на працягу 2023 года значыўся Сяргей Грабёнкін, грамадзянін Беларусі і пляменнік Сяргея Аношкі, былога намесніка дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства “Беларусьгандаль“, якое ўваходзіла ва Упраўленне справамі прэзідэнта часоў кіраўніцтва Віктара Шэймана: “У 2021 годзе разам з яго былым намеснікам Андрэем Свірыдавым Аношка заснаваў ЗАТ “Вектар Капітал Груп“. Гэтая кампанія стала падмуркам для новай ценявой бізнес-імперыі Шэймана. Жонка Аношкі і цётка Грабёнкіна — Таццяна Аношка — кіруе ў Беларусі фірмай ЗАТ “ГБК-Шаўковы шлях“, якая выступае пасярэднікам у схеме з рээкспартам курыных лапак з Турцыі ў Кітай. А сярод акцыянераў “ГБК-Шаўковы шлях“ мы знайшлі Сяргея Шэймана, сына Віктара Шэймана”.

Брытанская фірма Monistar Business выдала даверанасць на грамадзяніна Беларусі Дзмітрыя Жукоўскага, які ў 2018 годзе працаваў у іншай кампаніі Шэймана — ТАА “Глобалкастам“.

У расследаванні адзначаецца, што пры экспарце 60 тыс. т у 2023 годзе арганізаваная схема дала 60 млн долараў прыбытку, які пайшоў міма беларускага бюджэту. Падкрэсліваецца, што ўдзельнікі схемы зарабілі дзясяткі мільёнаў долараў, дзяржаўныя прадпрыемствы апынуліся ў чорным спісе, губляючы экспартныя магчымасці.

Цяпер курыныя лапкі ў Кітай экспартуюць толькі Віцебская птушкафабрыка і птушкафабрыка “Дружба“ (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці).

Следчыя адзначаюць, што апісаная схема — першы вядомы выпадак спробы падмануць не толькі Расію, але і Кітай, аднаго з нямногіх стратэгічных партнёраў Беларусі, у выніку чаго замест развіцця эканомікі Мінск атрымаў рэпутацыйныя і эканамічныя страты.

Падзяліцца: