Мінск 15:15

За студзень — ліпень МАРГ выявіў парушэнні цэнавага заканадаўства ў 149 суб’ектаў гаспадарання

26 жніўня, Позірк. За студзень — ліпень 2025 года Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) выявіла парушэнні цэнавага заканадаўства ў 149 суб’ектаў гаспадарання, паведамілі ў ведамстве.

Выдадзена 46 прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў, ужытыя меры “адміністрацыйнай адказнасці і прафілактычнага характару” ў дачыненні да 242 вінаватых асоб.

Штрафныя санкцыі па адміністрацыйных справах склалі больш за 255 тыс. рублёў, у тым ліку “па матэрыялах мінулых гадоў”, гаворыцца ў паведамленні.

6 кастрычніка 2022 года Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”. Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзенае рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаныя некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання цэн, у дакумент уносіліся змены.

Пастанова № 713 (6) ад 2 красавіка 2025 года скараціла спіс тавараў, якія падлягаюць цэнаваму рэгуляванню — “зыходзячы з балансу інтарэсаў дзяржавы і ўдзельнікаў спажывецкага рынку” — з 331 да 211 пазіцый (-36,3%). Урад заявіў, што рашэнне паменшыць пералік “грунтавалася на неабходнасці падтрымання ўзроўню інфляцыі і выключэнні з цэнавага рэгулявання тавараў непаўсядзённага попыту або прэміум-класа”.

18 кастрычніка 2024 года Аляксей Багданаў, які займаў на той момант пасаду міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю (14 студзеня 2025-га прызначаны амбасадарам у Казахстане), паведаміў, што ўрад распрацоўвае “альтэрнатыўную сістэму рэгулявання цэн” з “найменшым умяшаннем дзяржавы ў працэсы цэнаўтварэння”.

31 кастрычніка Снапкоў заявіў, што Савет міністраў працуе над ліквідацыяй негатыўных эфектаў, якія прынесла эканоміцы пастанова № 713.

10 чэрвеня прэс-служба МАРГ паведаміла, што з пачатку 2025 года парушэнні заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні выяўленыя больш чым у ста суб’ектаў гаспадарання. Паводле інфармацыі ведамства, агульная сума штрафаў склала звыш 250 тыс. рублёў

Падзяліцца: