Адмова ад дыялогу — шлях да канчатковай страты эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту — Рыжычэнка
25 жніўня, Позірк. Адмова ад дыялогу — гэта шлях да канчатковай страты эканамічнай самастойнасці і дзяржаўнага суверэнітэту, заявіла прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліса Рыжычэнка, каментуючы словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што яму “няма пра што гаварыць” з дэмакратычнымі сіламі.
Рыжычэнка лічыць, што круглы стол — адкрытая пляцоўка для рашэнняў: “Разблакіроўка знешняга гандлю і лагістыкі, адмена ручнога кантролю коштаў, абарона прыватнага сектара і канкурэнцыі, перазапуск рэгіянальнага развіцця і вяртанне чалавечага капіталу”.
“Дыялог з грамадствам — адзіны шлях да ўстойлівасці і рэальнай незалежнасці Беларусі, і адмаўляючыся ад яго, Лукашэнка выразна паказвае, што ён не зацікаўлены ў моцнай і незалежнай Беларусі”, — падкрэсліла яна.
Прадстаўніца АПК выказала упэўненасць, што менавіта палітыка Лукашэнкі давяла краіну да поўнай эканамічнай залежнасці ад Расіі і яе дзяржаўных абаронных заказаў: “Сёння Беларусь фактычна ўбудаваная ў ваенную эканоміку РФ, пры гэтым рэсурсы Масквы для падтрымкі беларускай эканомікі імкліва скарачаюцца. Любая “падтрымка” з Крамля — гэта крок да страты суверэнітэту. І Лукашэнка гэта выдатна разумее”.
Беларусь ужо апынулася ў глыбокім крызісе, дадала яна: назіраецца дысбаланс знешняга гандлю, які стварае высокія рызыкі макраэканамічнай нестабільнасці; сотні прадпрыемстваў балансуць на мяжы банкруцтва праз штучнае рэгуляванне коштаў; стратныя заводы дзяржава больш не ў стане падтрымліваць, планавы механізм больш не працуе; рэгіёны ўсё больш адстаюць па ўзроўні заробкаў і развіцця ад Мінска, узмацняючы сацыяльную няроўнасць.
Нарэшце, адзначыла эканаміст, “палітычныя рэпрэсіі і ізаляцыя ад сусветных рынкаў пазбавілі краіну доступу да інвестыцый, перадавых тэхналогій і супрацоўніцтва з глабальнымі кампаніямі, а адток спецыялістаў у сферы IT, машынабудавання і навукі пазбаўляе эканоміку чалавечага капіталу“.
На думку Рыжычэнка, Беларусь апынулася ў тупіку: унутраныя рэсурсы знішчаныя, эканоміка выжывае толькі на падачках Расіі, якія становяцца ўсё больш сумнеўнымі і недаступнымі. Гэта прамое следства палітыкі Лукашэнкі, чыя ўлада за гады кіравання раз’ела краіну знутры.
“Яго дзеянні не проста тармозяць развіццё — яны асуджаюць беларусаў на стагнацыю, галечу і ізаляцыю, пазбаўляючы нацыю права на будучыню і месца ў сучасным свеце”.
22 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў дзяржСМІ, што не бачыць сэнсу ў перамовах з апанентамі. Ён сцвярджае, што палітыкі, якія знаходзяцца за мяжой, хочуць сесці за стол перамоваў з ім: “ідэальна, як яны разважаюць, было б з Лукашэнкам. Я з кім павінен садзіцца за стол? З тымі, хто разваліў краіну? Добра, я гэта мог бы пераступіць. Ну а які карысць ад іх? Яны што, нам нешта дапамогуць — народу, дзяржаве? Яны нам не памочнікі. А па бруду хадзіць можна брудам замазацца. Навошта гэта мне? Гэта мне не трэба”.
Рыжычэнка займае пасаду з 10 жніўня.
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ Беларусі павялічылася доля стратных арганізацый (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 25 жніўня — 10 кастрычніка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства