Мінск 20:16

У ДТЗ пад Віцебскам загінуў матацыкліст, шпіталізаваны 15-гадовы пасажыр

Фота: ДАІ Віцебскай вобласці

24 жніўня, Позірк. Аб смяротным дарожна-транспартным здарэнні ў Віцебскім раёне паведамляе тэлеграм-канал абласной Дзяржаўтаінспекцыі.

“Аварыя адбылася сёння каля 10:35 паблізу вёскі Сушчава. Паводле папярэдняй інфармацыі, 35-гадовы кіроўца матацыкла “БМВ” пры здзяйсненні абгону не пераканаўся ў бяспецы манеўру і здзейсніў сутыкненне з аўтамабілем “Міцубісі”, які ажыццяўляў разварот”, — гаворыцца ў паведамленні.

У выніку ДТЗ матацыкліст ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памёр на месцы здарэння.

“15-гадовы падлетак, які ехаў у якасці пасажыра матацыкла, з траўмамі шпіталізаваны”, — адзначае ДАІ.

Яшчэ аб адным смяротным ДТЗ паведамляецца ў сутачнай зводцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

23 жніўня ў 21:30 у МНС паступіла інфармацыя аб аварыі каля аграгарадка Барсукі Смалявіцкага раёна (Мінская вобласць).

Паводле папярэдніх звестак, кіроўца легкавога аўтамабіля не справіўся з кіраваннем — “машына з’ехала ў кювет і на вялікай хуткасці сутыкнулася з дрэвам”, гаворыцца ў зводцы.

Адзначаецца, што супрацоўнікі МНС, якія прыбылі на месца, “правялі работы па дэблакаванні загінулага кіроўцы”.

Падзяліцца: