Мінск 20:01

Украіна і РФ правялі чарговы абмен палоннымі праз тэрыторыю Беларусі

24 жніўня, Позірк. Украіна і Расія 24 жніўня ў чарговы раз абмяняліся ваеннапалоннымі з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Як паведамляе Міністэрства абароны РФ, бакі перадалі адзін аднаму па 146 чалавек.

Акрамя таго, Расіі вернутыя восем яе грамадзян — жыхароў Курскай вобласці.

“Цяпер расійскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім аказваецца неабходная псіхалагічная і медыцынская дапамога”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што абмен праведзены пры пасярэдніцтве Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Аб папярэднім абмене палоннымі з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі паведамлялася 14 жніўня.

Перад гэтым Украіна і РФ абмяняліся палоннымі 4 ліпеня. У чэрвені бакі абменьваліся шэсць разоў.

Акрамя згаданых выпадкаў гэта адбывалася па адным разе ў студзені, лютым, сакавіку і красавіка, а таксама чатыры разы ў траўні.

Такім чынам, з пачатку бягучага года Украіна і РФ правялі 17 этапаў абмену.

За ўвесь 2024 год паміж краінамі афіцыйна было праведзена 12 абменаў.

Старшыня КДБ Беларусі Іван Церцель у інтэрв’ю беларускаму дзяржаўнаму тэлебачанню (выйшла ў эфір 22 чэрвеня) заявіў, што на той момант на тэрыторыі краіны было праведзена 38 аперацый абмену паміж Украінай і Расіяй.

24 лютага 2022 года РФ пры непасрэднай падтрымцы беларускага рэжыму пачала поўнамаштабную вайну з Украінай, уварваўшыся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Падзяліцца: