Мінск 17:30

Чэргі на ўезд у Польшчу, Літву і Латвію зменшыліся

24 жніўня, Позірк. 4.885 легкавых аўтамабіляў і 65 аўтобусаў чакала выезду з Беларусі ў Еўрасаюз на 10 гадзін 24 жніўня, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз аператыўных звестак Дзяржпагранкамітэта з памежных пераходаў.

Суткамі раней на гэты час было 5.190 машын і 116 аўтобусаў, год таму — 390 аўтамабіляў (у 12,5 раза менш) і 65 аўтобусаў.

Самым загружаным напрамкам застаецца Польшча. На 10 гадзін у пункце пропуску Брэст (з польскага боку Цярэспаль) было 4.625 легкавых аўтамабіляў (4.660 у гэты ж час суткамі раней). Больш за ўсё аўтамабіляў — 4.770 — сабралася тут у 2 гадзіны ночы 20 жніўня.

На тым жа пункце пропуску знаходзілася 65 аўтобусаў (116 суткамі раней). Рэкорд быў зафіксаваны ў 12 гадзін 19 жніўня — 157. Чарга пачала хутка павялічвацца 15 жніўня. Калі на пачатак сутак яна складала 48 аўтобусаў, то на канец — 95 (максімум у той дзень — 110).

Зменшыліся чэргі на ўезд у краіны Балтыі. У пункце пропуску Грыгароўшчына (з латвійскага боку Патэрніекі) сабралася 60 легкавых аўтамабіляў (100 суткамі раней), у Беняконях (з літоўскага боку Шальчынінкай) — 200 (280), у Каменным Логу (Мядзінінкай) — 200 (150). Чэргаў аўтобусаў у гэтым кірунку не было.

Раней Дзяржпагранкамітэт заяўляў, што “закладнікамі сітуацыі, якая стала вынікам дзеянняў польскіх службаў, апынуліся звычайныя турысты, сярод якіх шмат грамадзян з краін Еўрасаюза”.

Польскія памежнікі тлумачылі павольнае праходжанне мяжы неабходнасцю больш дбайнай праверкі.

Брэст — адзіны даступны для падарожнікаў аўтамабільны пункт пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы.

Пасля вынясення палітычна матываванага прысуду журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла другі аўтамабільны пункт — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (Лоша) і Твярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

19 верасня 2023 года праз узрослы паток нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: