Мінск 17:15

Ціханоўская — украінцам: Вы абараняеце не толькі сваю зямлю — вы абараняеце права ўсіх людзей жыць у свабодзе

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

24 жніўня, Позірк. Стойкасць і адвага жыхароў Украіны ў адбіцці расійскай агрэсіі сталі “светлым прыкладам для ўсяго свету”, але “асабліва — для беларусаў”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, віншуючы 24 жніўня ўкраінцаў і прэзідэнта краіны Уладзіміра Зяленскага З Днём незалежнасці.

“Ужо чацвёрты год украінскі народ сустракае Дзень незалежнасці ў жорсткіх умовах поўнамаштабнай вайны. Вам даводзіцца плаціць найвышэйшую цану за сваю незалежнасць. Але вы абараняеце не толькі сваю зямлю — вы абараняеце права ўсіх людзей жыць у свабодзе”, — цытуе Ціханоўскую яе прэс-служба.

“Мы разумеем ваш боль, — адзначыла палітык. — Мы падтрымліваем вашу барацьбу. Беларусы і беларускі — побач з вамі. З вамі нашы добраахвотнікі на фронце, нашы валанцёры і актывісты. Беларусы з усяго свету ахвяруюць сродкі. А ў турмах лукашэнкаўскага рэжыму — сотні беларусаў, якія пацярпелі за падтрымку Украіны. і мы працягваем змагацца за іх вызваленне”.

Паводле слоў Ціханоўскай, у Беларусі і Украіны “адзін і той жа вораг”. “Расійскі імперыялізм прынёс вайну на вашу зямлю і зрабіў Беларусь закладніцай супраць волі беларускага народа”, — падкрэсліла дэмлідар.

“Але мы ведаем: ваша перамога дасць шанец на свабоду і Беларусі. Без свабоднай Украіны не будзе свабоднай Беларусі. Таксама як без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Еўропы”, — гаворыцца ў віншаванні.

Беларусаў і ўкраінцаў “аб’ядноўвае не толькі слаўная гісторыя, але і агульная будучыня — у еўрапейскай сям’і свабодных народаў”, адзначаецца ў пасланні. “І я веру, што гэты дзень абавязкова наступіць”, — заявіла Ціханоўская.

Яна пажадала ўкраінцам “сілы, каб выстаяць і адстаяць свабоду”, а таксама — “трывалага і справядлівага міру, які ўкраінскі народ безумоўна заслугоўвае”.

Падзяліцца: