Мінск 22:44

Трамп “выдатна адыграў сваю ролю пасярэдніка”, заявіў Лукашэнка пра прэзідэнта ЗША, якога называў балбатуном

22 жніўня, Позірк. Беларусь будзе выбудоўваць са Злучанымі Штатамі Амерыкі стасункі, улады на гэта нацэленыя, заявіў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з дзяржСМІ 22 жніўня.

Ён таксама выказаўся пра прэзідэнта ЗША: “[Дональд] Трамп не такі, якім мы яго бачым. У публічным полі з’яўляюцца нейкія фрагменты яго выступленняў, плюс накладваюць свой адбітак асаблівасці перакладу, і складваецца ўражанне, што ён імпульсіўны, непаслядоўны. Не. Гэта чалавек, які разумее. Яму б пабольш такіх надзейных людзей, я думаю, карысць ад гэтага будзе. Тым больш што ён настроены на мір”.

Трамп “выдатна адыграў сваю ролю пасярэдніка” ў перамовах з Уладзімірам Пуціным па праблеме ўстанаўлення міру ва Украіне, лічыць Лукашэнка.

Ён не падзяляе пункт гледжання, што кіраўнік Белага дома прайграў па выніках перамоваў на Алясцы 15 жніўня. На думку Лукашэнкі, канкрэтных дамоўленасцяў там не магло быць, паколькі сустракаліся “не бакі канфлікту, а толькі адзін з бакоў“, а прэзідэнт ЗША “выступаў у якасці пасярэдніка, каб даведацца пазіцыю Расіі“, і “з гэтай роляй выдатна справіўся“.

Лукашэнка назваў Трампа балбатуном у інтэрв’ю журналісту амерыканскага выдання Time Сайману Шустэру і заявіў, што прэзідэнту ЗША “было б архікарысна“ з ім (Лукашэнкам) сустрэцца.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён добра ставіцца да Трампа і выказваўся ў ягоную падтрымку ў перыяд, калі ва ўладзе ў ЗША быў прэзідэнт Джо Байдэн, а супраць цяперашняга кіраўніка Белага дома “была развязаная цэлая кампанія“. “Я ў адкрытую крытыкаваў вашу дэмакратыю так званую, вашага прэзідэнта Байдэна і падтрымліваў Трампа. Гэта была ганьба — тое, што вы рабілі з Трампам да апошніх прэзідэнцкіх выбараў“, — сказаў ён.

Пры гэтым, як адзначаецца на сайце Лукашэнкі, ён “крытычна ставіцца да дзеянняў і выказванняў амерыканскага лідара ў публічным полі“, бо яны “часцяком супярэчлівыя або галаслоўныя, а значыць, не ўспрымаюцца сур’ёзна і не выклікаюць даверу“.

У прыватнасці, Лукашэнка раскрытыкаваў палітыку гандлёвых тарыфаў Трампа: “У вас, акрамя пошлін, напэўна, ніякай палітыкі больш няма. І прытым раніцай адныя, увечары другія. Але перш чым казаць пра пошліны і потым іх скасоўваць і дэзавуяваць свае заявы, прапрацуй гэта. Гэта не так складана”.

На ягоную думку, адна з прычын такой палітыкі крыецца ў характары Трампа, праз які “людзі ў ягоным атачэнні не асмельваюцца казаць адкрыта або крытычна пра тыя ці іншыя ягоныя пашэнні, выказванні“.

“Давай аб’ектыўна. Балбатун Трамп? Балбатун. Прыклад: раніцай кажа адно, увечары робіць іншае. Ёсць гэта. Вынікаў пакуль няма. Пачынае, як паліцэйскі, размахваць шашкай у свеце. Узяўся за лідарства — ажыццяўляй яго. А лідарства — гэта прадухіленне сутыкненняў і войнаў“, — сказаў Лукашэнка.

15 жніўня адбылася тэлефонная размова паміж Трампам і Лукашэнкам.

“Лідары дзвюх краін абмеркавалі пытанні двухбаковага парадку дня, рэгіянальную тэматыку і сітуацыю ў гарачых кропках, уключаючы Украіну. Дасягнута дамоўленасць прадоўжыць кантакты. Прэзідэнт Беларусі запрасіў Дональда Трампа з сям’ёй у Мінск, і гэта запрашэнне было прынятае“, — гаварылася ў рэлізе прэс-службы Лукашэнкі.

Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial пацвердзіў факт гутаркі з “глыбокапаважаным прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам“, назваўшы яе “выдатнай”.

Паводле яго слоў, мэтай званка было выказаць Лукашэнку “падзяку за вызваленне 16 зняволеных“, маючы на ўвазе палітвязняў, але не называючы іх такімі.

“Мы таксама абмяркоўваем вызваленне яшчэ 1.300 зняволеных. Наша гутарка была вельмі плённай. Мы абмеркавалі мноства тэм, уключаючы візіт прэзідэнта [Расіі Уладзіміра] Пуціна на Аляску”, — паведаміў кіраўнік Белага дома.

Напрыканцы ён адзначыў, што “з нецярпеннем“ чакае “сустрэчы з прэзідэнтам Лукашэнкам у будучыні”.

17 жніўня Трамп другі раз за тры дні выказаў кампліменты на адрас Лукашэнкі. У TruthSocial ён напісаў: “Дзякуй Беларусі і яе магутнаму лідару. Я спадзяюся, што 1.300 [зняволеных] таксама хутка будуць выпушчаныя”.

Пакуль гэтае пажаданне не выканана. 22 жніўня Лукашэнка прапанаваў ЗША палітвязняў “забраць да сябе”.

Падзяліцца: