Лукашэнка прапанаваў ЗША “забраць да сябе” палітвязняў

22 жніўня, Позірк. “Забраць да сябе” беларускіх палітвязняў прапанаваў Аляксандр Лукашэнка Злучаным Штатам Амерыкі, адказваючы ў Мінску 22 жніўня на пытанні журналістаў.
“Хочаце паўтары ці дзве тысячы (як яны там лічаць)? Забірайце да сябе, вязіце іх туды. Разлічваць на тое, што мы бандытаў выпусцім, якія палілі, падрывалі, і яны гэта прызнаюць… Мы іх выпусцім, а яны зноў супраць нас будуць вайну весці? Тут мяне грамадства не падтрымае”, – цытуюць Лукашэнку дзяржаўныя СМІ.
Паводле яго слоў, тэма палітвязняў коратка закраналася ў яго тэлефоннай размове з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
Лукашэнка зноў заявіў, што “збеглыя” (так ён называе прадстаўнікоў дэмакратычных сіл у выгнанні. — “Позірк”.) не маюць да вызвалення палітвязняў “ніякага дачынення”.
“Наадварот, яны кажуць, каб былі гэтыя палітвязні. Няма палітвязняў — няма прычын на дыктатара ціснуць”, — сказаў ён.
15 жніўня адбылася тэлефонная размова паміж Трампам і Лукашэнкам.
“Лідары дзвюх краін абмеркавалі пытанні двухбаковага парадку дня, рэгіянальную тэматыку і сітуацыю ў гарачых пунктах, уключаючы Украіну. Дасягнутая дамоўленасць прадоўжыць кантакты. Прэзідэнт Беларусі запрасіў Дональда Трампа з сям’ёй у Мінск, і гэта запрашэнне было прынятае”, — паведамляла прэс-служба Лукашэнкі.
Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial пацвердзіў факт гутаркі з “глыбокапаважаным прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам”, назваўшы яе “выдатнай”.
Паводле яго слоў, мэтай званка было выказаць Лукашэнку “падзяку за вызваленне 16 зняволеных”.
“Мы таксама абмяркоўваем вызваленне яшчэ 1.300 зняволеных. Наша гутарка была вельмі плённай. Мы абмеркавалі мноства тэм, уключаючы візіт прэзідэнта [Расіі Уладзіміра] Пуціна на Аляску”, — паведаміў кіраўнік Белага дома.
У заключэнні ён адзначыў, што “з нецярпеннем” чакае “сустрэчы з прэзідэнтам Лукашэнкам у будучыні”.
Пра тое, што выезд з Беларусі з’яўляецца абавязковай умовай, на якой улады адпускаюць палітвязняў, Лукашэнка фактычна адкрыта заявіў 31 ліпеня на нарадзе з кіраўнікамі беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў.
На працягу 2024 года ў Беларусі не адбылося значных змен у галіне правоў чалавека, гаворыцца ў краінавым дакладзе Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, які быў апублікаваны 13 жніўня.
Сустрэча Трампа з Пуціным адбылася 15 жніўня.
Пра вызваленне 14 палітвязняў стала вядома неўзабаве пасля сустрэчы Лукашэнкі і Келага 21 чэрвеня.
Сярод вызваленых — муж Святланы Ціханоўскай, відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, былы супрацоўнік “Радыё Свабода” Ігар Карней, выкладчыца італьянскай мовы Наталля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і шведскага грамадзянства Галіна Краснянская, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта” Кірыл Балахонаў.
Таксама былі вызваленыя Алан Ройё (грамадзянін Эстоніі), Юрыйс Ганінс і Дзмітрыйс Міхайлаўс (грамадзяне Латвіі). Акрамя таго, паводле звестак СМІ, на волю выйшаў Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Польшчы).
Імёны яшчэ траіх афіцыйна не названыя, яны з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы (двое) і Японіі.
“Мы ў пастаянным кантакце з амерыканскім бокам, што тычыцца палітвязняў і наогул лёсу нашай краіны“, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 9 сакавіка ў Вільнюсе. Так палітык адказала на пытанне “Позірку“, ці кантактуе яе офіс з ЗША па пытанні вызвалення палітвязняў у святле таго, што Вашынгтон быў датычны да нядаўняга выхаду на свабоду шэрагу беларускіх вязняў.
“Мы цяпер шмат у чым залежым ад геапалітычнага кантэксту, мы гэта павінны разумець, але наша камунікацыя з нагоды вызвалення палітвязняў ідзе амаль штодня“, — сказала яна.
12 лютага з’явілася інфармацыя аб вызваленні па памілаванні палітвязняў Андрэя Кузнечыка (супрацоўнік “Радыё Свабода”) і Алены Маўшук, а таксама грамадзяніна ЗША, імя якога на той момант не раскрывалася (18 лютага стала вядома, што гэта 56-гадовы Мікалай Шугаеў, у якога таксама ўкраінскае грамадзянства). Усе яны адразу ж пакінулі Беларусь пры дапамозе Злучаных Штатаў Амерыкі.
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20–21 жніўня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка