Мінск 13:00

Лукашэнка наведае саміт ШАС у Кітаі

Архіўнае фота: “Позірк”

22 жніўня, Позірк. Прадстаўнікі больш як 20 краін і 10 міжнародных арганізацый прымуць удзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), які пройдзе ў Цяньцзіні 31 жніўня — 1 верасня, паведаміў на прэс-канферэнцыі памочнік міністра замежных спраў КНР Лю Бінь.

Паводле яго слоў, якія перадае ТАСС, старшыня КНР Сі Цзіньпін збярэцца з удзельнікамі саміту “на берагах ракі Хайхэ, каб абагульніць паспяховы вопыт дзейнасці ШАС, садзейнічаць яе развіццю і рэструктурызацыі, аб’яднаць яе ўдзельнікаў для супрацоўніцтва і сумеснай працы”.

Дыпламат паведаміў, што на мерапрыемства прыбудуць прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, Аляксандр Лукашэнка, прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі, прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян, прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў, прэзідэнт Пакістана Шахбаз Шарыф, прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў, прэзідэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух, прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, прэм’ер-міністр Камбоджы Хун Манет, прэзідэнт Мальдываў Махамед Муізу, прэм’ер-міністр Непала Шарма Олі, прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, прэм’ер-міністр Егіпта Мустафа Мадбулі, прэзідэнт Туркменістана Сердар Бердымухамедаў, прэзідэнт Інданезіі Прабова Субіянта, прэзідэнт Лаоса Тхонглун Сісуліт, прэм’ер-міністр Малайзіі Анвар Ібрагім і прэм’ер-міністр В’етнама Фам Мінь Чынь.

На саміт таксама запрошаны генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.

Цяперашні стан і перспектывы развіцця Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва абмеркавалі 15 ліпеня з Сі Цзіньпінам міністры замежных спраў краін ШАС, у тым ліку кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Максім Рыжанкоў. Адзначалася, што бакі абмяняліся думкамі па гэтым пытанні ў святле саміту ШАС.

Міністр абароны Віктар Хрэнін удзельнічаў у нарадзе кіраўнікоў ваенных ведамстваў краін ШАС, якая прайшла напрыканцы чэрвеня ў Кітаі.

Мінск стаў паўнапраўным членам ШАС 4 ліпеня 2024 года. Апрача Беларусі і Кітая ў арганізацыю ўваходзяць Індыя, Іран, Казахстан, Кыргызстан, Пакістан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан.

У сярэдзіне траўня беларускія вайсковыя медыкі ўдзельнічалі ў семінары па ваеннай медыцыне для дзяржаў — членаў ШАС, які прайшоў у кітайскім Сіяне.

Лукашэнка наведваў Кітай 2–4 чэрвеня. У рамках візіту адбыліся яго перагаворы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. На трэці дзень пасля вяртання, 7 чэрвеня, палітык адкрыў у Мінску нацыянальны футбольны стадыён, пабудаваны, паводле сцвярджэння Лукашэнкі, за кошт Кітая ў якасці “падарунку”.

Тыднем пазней Беларусь наведаў намеснік старшыні пастаяннага камітэта 14-га Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Цінвэй. У рамках візіту адбылася яго сустрэча з Лукашэнкам.

Падзяліцца: