ЗША знялі санкцыі з кампаніі “Дана Холдынгс” (дапоўнена)

22 жніўня, Позірк. Злучаныя Штаты знялі санкцыі з зарэгістраванай у Беларусі і на Кіпры будаўнічай кампаніі “Дана Холдынгс” сербскіх бізнесменаў Карычаў, а таксама з яе кіраўніка, грамадзяніна Сербіі і Кіпра Нябойшы Карыча. Рашэнне апублікавана 21 жніўня Упраўленнем кантролю над замежнымі актывамі Казначэйства ЗША.
“Дана Холдынгс” была зарэгістраваная Мінгарвыканкамам 23 кастрычніка 2007 года, на Кіпры — 20 лютага 2013 года.
Санкцыі супраць “Дана Холдынгс” былі ўведзеныя адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Джо Байдэна 9 жніўня 2021 года, у першую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, афіцыйныя вынікі якіх (80% на карысць Аляксандра Лукашэнкі) сталі прычынай масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі і гвалту з боку сілавых структур, кінутых на абарону рэжыму.
У абгрунтаванні санкцый супраць “Дана Холдынс“, апублікаваным пад загалоўкам “Будаўнічы гаманец Лукашэнкі: будаўнічая імперыя Карычаў“ гаварылася, што ў Беларусі яна атрымала “шматлікія надзвычайныя прывілеі, у тым ліку перадачу ўчасткаў дзяржаўнай зямлі ў Мінску ў дар прэзідэнцкімі ўказамі, падпісанымі Лукашэнкам“, “шчодрыя падатковыя льготы або поўная адмена падаткаў, выкарыстанне дзяржаўных рэсурсаў для інфраструктурных работ”.
Адзначалася, што сям’я Карычаў блізкая да Лукашэнкі і стала вядомай дзякуючы фінансаванню рэжыму Слабадана Мілошавіча ў Сербіі ў 1990 гадах.
У абгрунтаванні санкцый выказвалася таксама здагадка, што кампанія прапанавала супрацоўнікам выходны за ўдзел у пралукашэнкаўскім мітынгу пасля 9 жніўня 2020 года, а сам Лукашэнка публічна хваліў праекты кампаніі.
Санкцыі з “Дана Холдынгс” знятыя праз чатыры дні пасля другога напаміну прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра важнасць вызвалення 1.300 зняволеных з беларускіх турмаў. Яны не былі названыя палітычнымі, аднак іх колькасць блізкая да той, што называюць праваабарончыя арганізацыі.
Першы раз аб вызваленні 1.300 чалавек Трамп заявіў пасля тэлефоннага званка Лукашэнку 15 жніўня. Рэакцыя Мінска пакуль абмяжоўваецца цытатай Лукашэнкі ў пераказванні пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН Валянціна Рыбакова: “Дональд, мы працу гэтую працягваем, мы яе актыўна вядзем, мы ў кантакце з прадстаўнікамі і Белага дома, і Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, у нас вядуцца пастаянныя кансультацыі, у тым ліку і па гэтай тэме”. Акрамя таго, заявіў Рыбакоў, вызваленне зняволеных — “пытанне двухбаковага руху“, “павінны быць прынятыя пэўныя рашэнні кожнага з бакоў“.
Зарэгістраваная ў Мінску будаўнічая кампанія Dana Holdins (“Дана Холдынгс/Дана Астра”) кантралюецца братамі Багалюбам і Драгамірам Карычамі, сербскімі бізнесменамі. Багалюб Карыч у 2022 годзе трапіў у санкцыйны спіс ЕС.
Восенню 2020 года выданне EU Observer апублікавала расследаванне аб маёмасных сувязях Dana Holdnigs з сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам і яго жонкай Ліліяй Лукашэнка праз кіпрскія афшорныя кампаніі.
17 снежня 2020 года Савет ЕС унёс кампанію ў санкцыйны спіс. Пазней яна трапіла пад санкцыі Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Албаніі, Ісландыі, Ліхтэнштэйна, Нарвегіі, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі, якія далучыліся да новых пакетаў санкцый.
У сакавіку 2023 года Dana Holdings / Dana Astra трапіла ў санкцыйны спіс Японіі.
Летась 28 чэрвеня Еўрапейскі суд у Люксембургу адмовіўся здымаць санкцыі з Dana Astra. Згодна з рашэннем, кампанія застанецца ў санкцыйным спісе як тая, што падтрымлівае рэжым Лукашэнкі і атрымлівае выгады ад гэтага.
6 лістапада 2024 года суд агульнай юрысдыкцыі ЕС (Еўрапейскі суд) адхіліў скаргу Багалюба Карыча на ўведзеныя супраць яго Еўрасаюзам санкцыі.
“Дана Холдынгс / Дана Астра” — адзін з асноўных дэвелопераў і забудоўшчыкаў у Беларусі. Кампанія атрымала зямельныя ўчасткі для забудовы некалькіх буйных жылых комплексаў і бізнес-цэнтраў. Уладальнікі Dana Holdings / Dana Astra падтрымліваюць цесныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Лілія Лукашэнка, нявестка прэзідэнта, займае ў кампаніі высокую пасаду. Такім чынам, Dana Holdings/Dana Astra здабывае выгаду з рэжыму [Лукашэнкі] і падтрымлівае яго”, — гаварылася ў заключэнні суда.
Заслухоўваючы 29 снежня 2023 года справаздачу старшыні Менгарвыканкама Уладзіміра Кухарава з нагоды будаўніцтва жылля ў сталіцы, Лукашэнка звярнуў увагу на скаргі на адрас “Дана Астра“ (падраздзяленне “Дана Холдынгс“) і даручыў “разабрацца, чаму людзі крыўдзяцца“.
“Хай перарабляюць усё. Бо адкажуць так, як адказваюць усе ў Беларусі. Прыйшлі працаваць у Беларусь — хай працуюць як трэба. Трэба ўважліва паглядзець за гэтымі будаўнікамі”, — сказаў ён.
16 лістапада 2024 года паведамлялася аб затрыманні дырэктара кампаніі “Дана Астра“ Святланы Шчоткі і яе намесніка Паўла Аўчарова. Затрымлівалі таксама іншых менеджараў кампаніі — Мілана Ракачавіча, Ненада Сімановіча, Вібара Муліча. Пазней Ракачавіча і Муліча вызвалілі.
Затрыманні маглі быць звязаныя з вынікамі праверкі, праведзенай у кампаніі Камітэтам дзяржкантролю.
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20–21 жніўня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства