Мінск 22:11

Сем грамадзян Беларусі арыштаваныя ў крымінальным парадку пасля канцэрту Каржа ў Варшаве

Крыніца: інстаграм-акаўнт Макса Каржа / скрыншот: "Позірк"

21 жніўня, Позірк. Сем грамадзян Беларусі арыштаваныя ў крымінальным парадку пасля канцэрту рэпера Максіма Каржа ў Варшаве, паведамляе “Еўрарадыё“ са спасылкай на Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.

Усяго было затрымана 13 беларускіх грамадзян, шэсць з іх — за дробныя правапарушэнні (для іх у краіне дзейнічае асобны кодэкс. — “Позірк”.).

На канцэрце Каржа на Нацыянальным стадыёне ў польскай сталіцы 9 жніўня было затрымана больш за 100 чалавек — за “розныя злачынствы і правапарушэнні падчас канцэрту (захоўванне наркотыкаў, парушэнне асабістай недатыкальнасці супрацоўнікаў службы бяспекі, захоўванне і пранос піратэхнікі, а таксама незаконнае пранікненне на чужую тэрыторыю)“.

50 чалавек аштрафавана агулам на 11.450 злотых (больш за 3 тыс. долараў ЗША).

11 жніўня Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы выступіла з пагрозай дэпартацыі на адрас фігурантаў-замежнікаў.

Вытворчасць аб высылцы з краіны распачатая ў дачыненні да 63 парушальнікаў парадку на мерапрыемстве, вынікае з заявы польскага прэм’ер-міністра Дональда Туска 12 жніўня на пасяджэнні ўрада.

На канцэрце прысутнічала не менш за 60 тыс. чалавек. Выканаўца звярнуўся да гледачоў з антываеннай прамовай, у якой, аднак, не сказаў выразна, што агрэсарам у вайне супраць Украіны з’яўляецца Расія. Ён падкрэсліў, што “ніводны бацька не выхоўвае сына, каб аддаць яго на разарванне“: “Гэта трэба спыніць, сябры. Спыні вайну”.

Канцэрт быў затрыманы на дзве гадзіны: сотні чалавек пераскочылі з трыбун на танцпляц і не жадалі вяртацца, паведамлялася пра сутычкі з аховай.

Адначасова ў сацсетках публікаваліся скаргі на неабгрунтаваныя жорсткія дзеянні аховы і паліцыі ў дачыненні да публікі.

Падчас канцэрту група гледачоў разгарнула чырвона-чорны сцяг, асацыяваны з арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў (АУН). У Польшчы стаўленне да яе пераважна негатыўнае з-за гістарычнага кантэксту — Валынскай разні (масавае знішчэнне ўкраінскімі нацыяналістамі прадстаўнікоў польскага народа на тэрыторыі Заходняй Украіны падчас Другой сусветнай вайны, трактаванае Польшчай як генацыд).

Дэпутат Сейма Дарыюш Мацецкі падаў заяву ў пракуратуру з патрабаваннем распачаць крымінальную справу за “прапаганду таталітарных ідэалогій“.

Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі спадзяецца, што Сейм прыме папраўку да закона, якая забараняе выкарыстанне сімволікі АУН і УПА (Украінскай паўстанцкай арміі) у Польшчы. Так кіраўнік краіны адрэагаваў на інцыдэнт.

Украінец Дзмітрый, які 9 жніўня пранёс сцяг УПА, апублікаваў відэазапіс, на якім зачытаў прабачэнні на польскай мове, падкрэсліўшы, што ў яго не было мэты выклікаць адмоўныя эмоцыі і не выступаў ні з якім палітычным пасылам.

Напярэдадні канцэрту некалькі сотняў фанатаў правялі несанкцыянаваны сход у варшаўскім раёне Воля.

36-гадовы Макс Корж — аўтар і выканаўца ў стылі хіп-хоп, адзін з найбольш папулярных беларускіх артыстаў.

Пакінуў краіну ў кастрычніку 2024 года пасля таго, як яго выклікалі ў міліцыю для “гутаркі“. Выступае за мяжой, дзе перыядычна збірае масавыя канцэрты.

На тое, што адбылося, артыст адрэагаваў толькі 17 жніўня, напісаўшы ў сацсетках: “Сябры, няма месца радыкальнаму нацыяналізму на канцэртах, гэтак жа як агрэсіі і гвалту з любога боку. Гэта супярэчыць самой сутнасці канцэртаў”.

Пры гэтым выканаўца не згадаў пра затрыманні падчас ягонага канцэрту і лёс фігурантаў.

Беларусам, затрыманым падчас і пасля канцэрту могуць пагражаць рэпрэсіі, калі яны будуць высланыя на радзіму. З такой заявай выступіла фракцыя “Моладзевы наступ” у Каардынацыйнай радзе 14 жніўня.

Падзяліцца: