Мінск 12:00

З 1 верасня беларусы змогуць уехаць у Латвію толькі пасля папярэдняга дазволу ўладаў краіны

Сталіца Латвіі Рыга
Фота: "Позірк"

21 жніўня, Позірк. У Латвіі 1 верасня 2025 года набывае моц новая працэдура перасячэння мяжы для грамадзян шэрагу трэціх краін — для ўезду спатрэбіцца папярэдне падаць інфармацыю пра сябе і чакаць пацверджання або адмовы, паведамляе press.lv.

Падставай сталі папраўкі да закона аб іміграцыі, прынятыя Сеймам 3 красавіка, тэхнічная рэалізацыя ўскладзеная на сайт eta.gov.lv.

Папраўкі распаўсюджваюцца на грамадзян трэціх краін, якія не маюць латвійскай візы або дазволу на жыхарства, не з’яўляюцца грамадзянамі ЕС, краін НАТО, АЭСР, ЕЭЗ, Швейцарыі ці Бразіліі. Такім чынам, пад новыя патрабаванні трапляюць грамадзяне Беларусі.

Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі патлумачыла, што іншаземец абавязаны запоўніць анкету не пазней чым за 48 гадзін да перасячэння мяжы. У анкеце спатрэбіцца пазначыць мэту і тэрмін паездкі, маршрут, месца меркаванага знаходжання, кантактныя даныя, а таксама звесткі аб службе ва Узброеных сілах, спецслужбах, памежнай ахове, мытні, установах унутраных спраў, юрыдычных або замежных (уключаючы дыпламатычныя) ведамствах. Падаваць звесткі трэба асабіста, за іх непрадастаўленне або скажэнне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць (штраф да 2 тыс. еўра).

Пасля адпраўкі анкеты той, хто ўязджае, атрымае адказ на ўказаны электронны адрас — пацверджанне або адмову. Дапускаецца падаваць звесткі раней, чым за 48 гадзін, але ў выпадку змены планаў даныя прыйдзецца абнавіць. Калі чалавек заязджае транзітам і не мае кантактаў у Латвіі, неабходна ўказаць толькі даступныя кантактныя даныя.

Сістэма разлічана на тое, каб прадастаўленыя звесткі маглі выкарыстоўваць органы бяспекі і праваахоўныя структуры для ацэнкі рызык. Калі такія рызыкі будуць выяўленыя, уезд у Латвію канкрэтнай асобе могуць забараніць. Папраўкі таксама прадугледжваюць штогадовую праверку эфектыўнасці механізму, па выніках якой спецслужбы будуць даваць справаздачу перад Сеймам.

Змены не будуць распаўсюджвацца на асоб з дыпламатычным імунітэтам або на тых, хто здзяйсняе “кароткатэрміновую паездку для выканання афіцыйных функцый або забеспячэння тэхнічнай падтрымкі“.

Пропуск у памежную зону грамадзянам трэціх краін, пачынаючы з 15-гадовага ўзросту, будзе выдавацца толькі пры згодзе Службы дзяржаўнай бяспекі Латвіі.

У 2024 годзе Латвія не ўпусціла на сваю тэрыторыю 137 беларусаў, палічыўшы іх пагрозай бяспецы. Адмову ва ўездзе таксама атрымалі грамадзяне Расіі, Малдовы, Украіны, Казахстана, Узбекістана, Ізраіля, Грузіі, Таджыкістана, Вялікабрытаніі, Каргызстана, ЗША, Сербіі.

З 15 красавіка 2022 года, калі Мінскам быў уведзены бязвізавы рэжым для жыхароў Латвіі, Беларусь наведалі 378.773 грамадзяніны і неграмадзяніны гэтай балтыйскай дзяржавы. З 11 па 18 жніўня ў Беларусь без віз уехала 2.586 грамадзян і неграмадзян Латвіі.

Падзяліцца: