Мінск 06:00

Мінфін 21 жніўня правядзе чарговае замяшчэнне еўрабондаў дзяржаблігацыямі

20 жніўня, Позірк. 21 жніўня адбудзецца “планавая замена” беларускіх еўрааблігацый з пагашэннем 24 лютага 2026 года (Беларусь-2026, ISIN XS2120091991 / US07737JAЕ38) на дзяржаўныя аблігацыі выпуску № 344, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Адзначаецца, што “да працэдуры дапушчаныя заяўкі, пададзеныя трымальнікамі і верыфікаваныя ў парадку, вызначаным пастановай урада і Нацыянальнага банка №643/20 ад 26 верасня 2022 года “Аб правядзенні асобных аперацый з дзяржаўнымі каштоўнымі паперамі”.

Дэпазітарый-нерэзідэнт — Нацыянальны разліковы дэпазітарый (РФ). Намінальны кошт адной аблігацыі — 1.000 долараў.

Памеры ставак працэнтнага даходу, тэрміны яго выплаты і пагашэння аблігацый адпавядаюць стаўкам і тэрмінам па еўрааблігацыях Беларусь-2026 і Беларусь-2031.

Разлікі па аблігацыях будуць праводзіцца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка, устаноўленым за “тры працоўныя дні да даты пагашэння аблігацый і (або) выплаты працэнтнага даходу”, адзначае ведамства.

У рамках замены трымальнікам будзе выплачаны акумуляваны працэнтны даход па еўрааблігацыях Беларусь-2026 і Беларусь-2031 з улікам пацвярджэння імі правоў валодання каштоўнымі паперамі на адпаведныя даты выплаты даходу, устаноўленыя эмісійнымі дакументамі.

У апошні раз Мінфін зрабіў планавую замену аблігацый 26 чэрвеня. Тады гаворка ішла пра беларускія еўрабонды з тэрмінам пагашэння 29 чэрвеня 2027 года (Беларусь-2027, ISIN XS1634369224 / US07737JAA16).

Адзначалася, што аб’ём замены для 345 трымальнікаў, якія прайшлі верыфікацыю ў Рэспубліканскім цэнтральным дэпазітарыі каштоўных папер, склаў 39,7 млн долараў.

Працэс замяшчэння аблігацый анансаваў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў 10 лістапада 2024 года.

Тады ён заявіў, што асноўная маса трымальнікаў беларускіх еўрабондаў, тэрмін выплаты па якіх на той момант ужо наступіў, свае грошы атрымала. “Знойдзены механізм, якім чынам яны пераводзяць на нашы рахункі аблігацыі, мы пераводзім ім у беларускіх рублях плацяжы, і гэты механізм працуе”, — сказаў Селіверстаў.

Пытанні пагашэння “тых папер, тэрмін пагашэння па якіх яшчэ не наступіў, але яны таксама па сутнасці заблакаваныя”, паводле слоў чыноўніка, будуць вырашацца шляхам выпуску “замяшчаючых аблігацый”.

28 чэрвеня 2022 года Савет міністраў і Нацыянальны банк прынялі сумесную пастанову, згодна з якой “выкананне даўгавых абавязацельстваў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка на дату плацяжу”.

З тых часоў Беларусь практыкуе пералік плацяжоў па даўгах у рублях на спецрахунак ў “Беларусбанку”.

Падзяліцца: