Мінск 18:42

У Гомельскай вобласці пройдзе чарговая праверка сістэмы апавяшчэння насельніцтва

Ілюстрацыйнае фота: news9.com

20 жніўня, Позірк. Чарговая “планавая тэхнічная праверка сістэмы апавяшчэння насельніцтва” пройдзе ў Гомельскай вобласці 21 жніўня, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У ходзе праверкі будуць уключацца электрасірэны, адзначае ведамства.

МНС заклікала насельніцтва захоўваць спакой.

“Ніякіх дзеянняў не патрабуецца”, — гаворыцца ў паведамленні.

Раней паведамлялася аб правядзенні 13 жніўня праверкі сістэмы апавяшчэння насельніцтва ў Мінскай вобласці.

На 12 жніўня аналагічная праверка абвяшчалася ў Брэсцкай вобласці. Раней у гэтым рэгіёне сістэму апавяшчэння правяралі 21 ліпеня, а да таго — 8 ліпеня, 10 і 30 чэрвеня, 27 траўня, 8 і 22 красавіка.

У Мінскай вобласці аналагічныя праверкі праводзіліся 16 красавіка і 11 чэрвеня. У Магілёве — 15–17 красавіка, у Гомельскай вобласці — 17 ліпеня, 19 чэрвеня, 20 сакавіка і 30 студзеня.

13 сакавіка планавая праверка сістэмы апавяшчэння прайшла па ўсёй Беларусі.

Пра прычыны такіх частых праверак сістэм апавяшчэння МНС не паведамляе. Разам з тым звяртае на сябе ўвагу той факт, што праверкі праводзяцца ў тым ліку ў абласцях, якія мяжуюць з Украінай, куды рэгулярна ўрываюцца беспілотныя лятучыя апараты, якія, як мяркуецца, належаць Расіі.

У Беларусі зафіксавана некалькі выпадкаў падзення дронаў на будынкі (у тым ліку ў Мінску), аднак інфармацыі пра тое, што пры гэтым актывавалася сістэма абвесткі, няма.

З пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны праверкі сістэм апавяшчэння сістэматычна праходзяць, напрыклад, у Літве, Польшчы, Чэхіі. Для гэтага выкарыстоўваюцца рэпрадуктары на вуліцах, праз якія перадаецца паведамленне і гучыць сірэна.

Падзяліцца: