Мінск 13:48

На выезд у Польшчу захоўваюцца беспрэцэдэнтныя чэргі аўтатранспарту

Ілюстрацыя: ДПК

20 жніўня, Позірк. На выезд у Польшчу захоўваюцца беспрэцэдэнтныя чэргі аўтатранспарту, вынікае з інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэта.

На 8 гадзін 20 жніўня ў пункце пропуску Брэст (з польскага боку Цярэспаль) у чарзе знаходзілася 140 аўтобусаў — столькі ж, колькі было зафіксавана ў гэты час 19 жніўня.

Рэкордная колькасць аўтобусаў — 157 — была а 12 гадзіне 19 жніўня.

Легкавых аўтамабіляў на 8 гадзін 20 жніўня на мяжы з Польшчай было 4.640 (4.600 у гэты ж час суткамі раней). Самая вялікая колькасць аўтамабіляў — 4.770 — сабралася ў 2 гадзіны 20 жніўня.

Паводле праведзенага “Позіркам” аналізу звестак ведамства, чарга пачала хутка павялічвацца 15 жніўня. Калі на пачатак сутак яна складала 48 аўтобусаў, то на канец — 95 (максімум у той дзень — 110).

У параўнанні з чэргамі тыднёвай даўніны колькасць аўтобусаў павялічылася ў 2,4 раза (было 59), легкавога аўтатранспарту — у 1,7 раза (2.800).

Год таму ў чарзе было ў 2 разы менш аўтобусаў (70), у 8,4 раза менш аўтамабіляў (550).

Раней Дзяржпагранкамітэт адзначаў, што “закладнікамі сітуацыі, якая стала вынікам дзеянняў польскіх службаў, апынуліся звычайныя турысты, сярод якіх шмат грамадзян з краін Еўрасаюза”.

Польскія памежнікі тлумачылі павольнае праходжанне мяжы неабходнасцю больш дбайных праверак.

Брэст — адзіны даступны для падарожнікаў аўтамабільны пункт пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы.

Пасля вынясення палітычна матываванага прысуду журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла другі аўтамабільны пункт — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (Лоша) і Твярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

19 верасня 2023 года праз узрослы паток нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: