Мінск 12:37

Улады не змаглі прадаць канфіскаваную ў спартсменкі Аляксандры Герасімені кватэру — таргі не адбыліся праз адсутнасць пакупнікоў

Крыніца: e-auction.by

19 жніўня, Позірк. Аўкцыён па продажы канфіскаванай кватэры трохразовай алімпійскай прызёркі па плаванні Аляксандры Герасімені не адбыўся. Такая інфармацыя размешчана на сайце электроннага аўкцыёну “БелЮрЗабеспячэнне”.

Як адзначаецца, прычынай стала адсутнасць заявак на ўдзел у таргах.

Раней паведамлялася, што на пляцоўку “Белюрзабеспячэнне” выстаўленая арыштаваная чатырохпакаёвая кватэра плошчай 120,5 кв. м на вуліцы Філімонава ў Мінску з гаражом.

Пачатковы кошт кватэры: 942.000 рублёў. Сярод абцяжаранняў — “арышт следчых органаў”. Адзначаецца, што ў кватэры зарэгістраваны тры чалавекі, у тым ліку адзін непаўналетні.

Пачатковы кошт гаража — 65.400 рублёў.

У снежні 2022 года Герасіменя паведаміла “Нашай Нiве“, што арыштаваная кватэра не з’яўляецца яе ўласнасцю, а належыць яе блізкаму сваяку, дачка якога і зарэгістраваная сярод іншых у жыллі.

26 снежня 2022 года Мінскі гарадскі суд (суддзя Святлана Бандарэнка) прыгаварыў у рамках спецыяльнай вытворчасці да 12 гадоў пазбаўлення волі заснавальнікаў Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (БФСС) трохразовага прызёра Алімпійскіх гульняў Аляксандру Герасіменю і былога дырэктара гандбольнага клуба “Віцязь.

Яны прызнаны вінаватымі паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Матэрыяльны ўрон ад дзейнасці БФСС, паводле ацэнкі следства, перавысіў 800 тыс. рублёў.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суд наклаў арышт на рахункі Герасімені, на якіх знаходзілася больш за 48 тыс. долараў, кватэру, аўтамабіль, парковачнае месца, розную тэхніку. Адзначаецца, што ўсю гэтую маёмасць рэалізуюць у лік выплаты па грамадзянскім іску.

Беларускі фонд спартовай салідарнасці быў заснаваны спартовымі функцыянерамі і атлетамі ў адказ на падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Займаецца падтрымкай спартсменаў, якія падвергліся пераследу, і абаронай іх правоў.

21 красавіка 2022 года КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” групу грамадзян, аб’яднаных тэлеграм-каналам “Фонд спартыўнай салідарнасці/BSSF”, аднайменнымі супольнасцямі ў сацсетках “Фэйсбук”, “Інстаграм”, платформах “Твітэр” і “Ютуб”.

У красавіку 2022 года Герасіменя сышла з БФСС.

21 красавіка 2023 года спартсменка была ўнесена ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да “экстрэмісцкай дзейнасці”.

У лістападзе 2023 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) узнагародзіла ў ліку іншых Герасіменю медалём ордэна “Пагоня” “за заслугі ў барацьбе за свабоду і незалежнасць Беларусі”.

Падзяліцца: