Мінск 21:47

Беларускія турысты расходуюць за мяжой у 12 разоў больш сродкаў, чым замежнікі ў Беларусі — Снапкоў

Ілюстрацыя: unsplash.com

18 жніўня, Позірк. Перадачу функцый рэгулятара ў турыстычнай сферы ад Міністэрства спорту і турызму Нацыянальнаму агенцтву па турызме прадугледжвае падрыхтаваны Саветам міністраў указ, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Агенцтва прапануецца перападпарадкаваць наўпрост ураду, аб’яднаўшы яго з дэпартаментам па турызме Міністэрства спорту і турызму.

“Турызм — гэта не спорт, турызм — гэта эканоміка. Ён, як лакаматыў, цягне за сабой развіццё ўсіх галін эканомікі. <…> Без удзелу прыватнага бізнесу гэтую галіну не падняць. Сумесна трэба шукаць і стымуляваць пункты росту. Неабходная канцэнтрацыя ўсіх кіраўнічых рэсурсаў у адным цэнтры прыняцця рашэнняў, каб каардынаваць дзясяткі галін, забяспечваць экспартны рост і стымуляваць інвестыцыі ў гэтай сферы“, — заявіў, прадстаўляючы ўказ 18 жніўня на нарадзе Лукашэнкі з кіраўніцтвам урада, першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў.

Паводле яго слоў, у галіне занята 230 тыс. чалавек, Турызм забяспечвае каля 2% ВУП, што “не адпавядае яго патэнцыйнаму ўзроўню і магчымасцям“.

“Якасная структура турыстычнай плыні неспрыяльная, — сказаў Снапкоў. — Колькасць выязных тураў амаль у два разы перавышае колькасць уязных тураў у Беларусь. Аб’ём вывезеных беларускімі турыстамі сродкаў у 12 разоў большы за аб’ём сродкаў, увезеных замежнымі турыстамі. Наша задача — змяніць баланс, які слкаўся, пакінуць больш валюты ў краіне. Для гэтага трэба <…> павялічыць працягласць знаходжання турыста і павялічыць сярэдні чэк, гэта значыць колькі турыст пакідае грошай падчас свайго падарожжа“.

Снапкоў паскардзіўся, што ў Беларусі дамінуюць кароткатэрміновыя паездкі як у мясцовых жыхароў, так і ў замежнікаў. “У выніку замежныя турысты ў Беларусі пакідаюць усяго 125 долараў у сярэднім у суткі, беларускі турыст — 47. <…> Сярэдні чэк беларуса, які выязджае за мяжу, — 215 долараў. Нашы грамадзяне ў сярэднім за візіт у Турцыі пакідаюць больш за 1.000 долараў, у Грузіі — 770 долараў“, — прывёў статыстыку чыноўнік.

Лукашэнка на нарадзе нагадаў, што ў наступнай пяцігодцы перад урадам пастаўлена задача зрабіць турызм “нацыянальным праектам, рэалізаваць яго эканамічны патэнцыял па максімуме “.

“Беларусь (мы гэта ведаем) — вельмі цікавая краіна для турыстаў, — сказаў Лукашэнка. — Але справа ж не толькі ў цікавасці. Склалася такая сітуацыя (і нават цяпер, наколькі я гэта бачу ў сродках масавай інфармацыі), што свабодных месцаў сёння ў гасцініцах няма. І тыя, хто займаецца турызмам, сёння цалкам загружаныя. Калі б нават і хацелі больш-немагчыма. Але для таго, каб было больш, Снапкоў і іншыя прапануюць стварыць новае міністэрства”, — сказаў прамоўца.

Лукашэнка прызнаў, што для павелічэння прытоку турыстаў неабходна павысіць якасць паслуг і дадаткова развіваць інфраструктуру: “Груба скажу: калі ў гасцініцах па сценках і пад ложкамі будуць поўзаць прусакі, то ніякія турысты сюды не паедуць. Узровень патрэбны такі, каб і беларусы часцей выбіралі адпачынак на роднай зямлі. Я думаю, яны і выбіраюць”.

Ён канстатаваў, што беларусы выбіраюць адпачынак за мяжой у краінах, якія маюць выхад да мора, а клімат больш гарачы.

Паводле звестак Белстата, на канец 2024 года ў сферы турызму ў Беларусі дзейнічала 1.108 арганізацый, іх паслугамі за мінулы год скарысталася 2,7 млн арганізаваных турыстаў і экскурсантаў.

Колькасць арганізаваных беларускіх выязных турыстаў і экскурсантаў у 2024 годзе склала 618 тыс. (501,2 тыс. — у 2023-м; 982,9 тыс. — у дакавідным 2019-м).

У 2024 годзе ў краіну прыехала 366,7 тыс. арганізаваных замежных турыстаў і экскурсантаў (у 2023-м — 233,1 тыс., у 2019-м — 405,5 тыс.).

Сярэдняя працягласць знаходжання грамадзян Беларусі за мяжой у 2024 годзе склала 8 дзён, замежных турыстаў у Беларусі — 4 дні.

У 2024 годзе ў краіне функцыянавала 618 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, паслугамі якіх скарысталася 2,5 млн чалавек, з іх 1,3 млн грамадзян Беларусі. З 2019 года колькасць гатэляў павялічылася на 21.

У 2024 годзе ў 478 санаторна-курортных, аздараўленчых арганізацыях адпачывала 1,1 млн чалавек, з іх 882 тыс. грамадзян Беларусі.

У краіне 1.301 экскурсавод і 156 гідаў-перакладчыкаў уключана ў адпаведны дзяржаўны рэестр, паведаміла 4 чэрвеня на прэс-канферэнцыі кансультант аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Дар’я Шыбека.

За апошнія некалькі гадоў шэраг экскурсаводаў зведаў рэпрэсіі, праца астатніх заідэалагізаваная.

Вядомы мінскі экскурсавод Мікіта Моніч пасля падзей 2020 года быў звольнены з Нацыянальнага мастацкага музея, ён з’ехаў за мяжу.

У лістападзе 2021 года на 15 сутак была арыштаваная сталічны экскурсавод Аксана Манкевіч. У снежні 2022 года яе прыгаварылі да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай, а МУС уключыла ў пералік асоб, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”.

11 лістапада 2022 года экскурсавод Ігар Хмара быў прыгавораны да 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ па тым жа крымінальным артыкуле. Яго затрымалі 2 жніўня падчас беларускамоўнай экскурсіі. Быў прызнаны палітвязнем. 20 студзеня 2023 года МУС унесла Хмару ў “пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Падзяліцца: