Мінск 16:50

Кіраўнік маркетынгавай кампаніі Satio Краснянскі асуджаны на 7,5 года пазбаўлення волі за правядзенне сацапытання аб COVID-19

Крыніца: "Вясна"

18 жніўня, Позірк. Мінскі гарадскі суд 8 жніўня прыгаварыў да 7,5 года пазбаўлення волі 43-гадовага кіраўніка маркетынгавай кампаніі Satio Яўгена Краснянскага, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Мужчына таксама аштрафаваны на 25 тыс. рублёў.

Краснянскі прызнаны вінаватым паводле ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) і ч. 1 арт. 2433 (ухіленне ад выплаты страхавых узносаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса.

4 красавіка аб завяршэнні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе аб “здрадзе дзяржаве” паведаміў Следчы камітэт.

Заяўлялася, што абвінавачанымі па справе з’яўляюцца тры жыхары Мінска — дзве жанчыны і мужчына.

Гэтыя асобы, паводле сцвярджэння ведамства, “на шкоду нацыянальнай бяспецы перадавалі фондам і некамерцыйным арганізацыям, якія дзейнічалі пад патранатам спецыяльных службаў замежных дзяржаў, матэрыялы аб стане спраў у розных сферах жыцця Рэспублікі Беларусь”.

Сцвярджалася, што 42-гадовы мужчына падрыхтаваў для адной з такіх арганізацый даследаванне, якое “змяшчала заведама ілжывыя звесткі аб палітыцы, якая праводзіцца ў краіне ў галіне аховы здароўя ў частцы прымаемых мер па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй”.

Даследаванне праводзілася ўзначаленай ім кампаніяй, якая не мела ў Беларусі “акрэдытацыі для вывучэння ўказаных пытанняў”, гаварылася ў паведамленні.

“Абвінавачаны фактычна не праводзіў аналітычную працу ў галіне тэмы, якая яго цікавіла, а на падставе асобных звестак, размешчаных у адкрытых крыніцах, падрыхтаваў ангажаваныя і такія, што адказваюць запытам “заказчыка” вынікі, для наступнага іх выкарыстання на шкоду нацыянальнай бяспецы і інтарэсам дзяржавы”, — адзначаў СК.

“Аналагічныя дзеянні”, паводле сцвярджэння ведамства, здзяйснялі дзве мінчанкі (37 і 43 гадоў), якія “за ўзнагароджанне праводзілі сацыялагічнае даследаванне, што тычыцца быццам бы наяўнасці пераваг сярод грамадзян у развіцці краіны праз інтэграцыю з краінамі Еўрапейскага саюза”.

“З мэтай дасягнення жаданага выніку, жыхаркі сталіцы выкарыстоўвалі для правядзення даследаванняў фокус-групы з ліку асоб, якія, як правіла, маюць заведама негатыўнае стаўленне да існуючай у дзяржаве палітычнай сістэмы і канстытуцыйнага ладу. Гэтыя матэрыялы ў далейшым размяшчаліся ў інтэрнэце і выкарыстоўваліся недружалюбнымі краінамі для прычынення шкоды Рэспубліцы Беларусь”, — гаворылася ў рэлізе.

Пры гэтым, як адзначалася, “арганізацыя, ад імя якой прадстаўлялі звесткі абвінавачаныя, не акрэдытаваная камісіяй па апытаннях грамадскай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на правядзенне апытанняў сацыяльнай думкі, што датычацца грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне”.

Таксама фігурантаў справы абвінавачвалі ва ўхіленні ад абавязковых выплат у дзяржбюджэт. Заяўляецца, што згаданы мужчына “распрацаваў і ўкараніў злачынную схему падмены працоўных адносін”, прапаноўваючы “падначаленым аформіць сваю дзейнасць у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў”. “Такі алгарытм, гаворылася ў паведамленні, “быў выгадны яму, паколькі праца з ІП аўтаматычна вызваляла арганізацыю ад абавязковых выплат”.

Назва арганізацыі не паведамлялася.

Шкоду, “прычыненую дзяржаве”, СК ацаніў на суму звыш 186 тыс. рублёў. “На дадзены момант яна кампенсаваная ў поўным аб’ёме”, — адзначаў камітэт.

Якія прыгаворы суд вынес жанчынам, праваабаронцам невядома.

Кампанія Satio працавала на беларускім рынку больш за 20 гадоў, займалася навучаннем персаналу, сацыялагічнымі даследаваннямі па заказах бізнесу, праводзіла маркетынгавыя даследаванні. Зараз праходзіць працэдуру банкруцтва.

Улады забаранілі праводзіць у Беларусі сацыялагічныя апытанні без спецыяльнай акрэдытацыі ў 2020 годзе. Паведамлялася, што рашэнне было прынятае пасля публікацыі ў СМІ вынікаў апытанняў, якія паказвалі нізкі ўзровень падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі ў перыяд выбарчай кампаніі.

Падзяліцца: