Мінск 20:41

За паўгода ўзбуджаны крымінальныя справы супраць трох падлеткаў, якія пашкодзілі маёмасць чыгункі

17 жніўня, Позірк. У першым паўгоддзі ў Беларусі ўзбуджаны крымінальныя справы супраць трох падлеткаў за шкоду чыгуначнай маёмасці, паведамляе партал дзяржгазеты Бабруйскага раёна (Магілёўская вобласць) “Трыбуна працы” са спасылкай на АУС райвыканкама.

Адзначаецца, што “ў аператыўных зводках праваахоўных органаў часта з’яўляецца інфармацыя аб тым, што непаўналетнія накладваюць камяні на чыгуначныя пуці”, з-за чаго машыністам цягнікоў даводзіцца прымяняць экстранае тармажэнне.

“У першым паўгоддзі 2025 года ў Беларусі зафіксавана два злачынствы на транспарце з удзелам непаўналетніх. Акрамя таго, шэсць падлеткаў атрымалі траўмы на чыгунцы, чатыры з іх загінулі. Асноўная прычына — спробы катацца на знешніх канструкцыях вагонаў (“зацэпінг”). Зарэгістравана ўжо 15 такіх фактаў”, — гаворыцца ў рэлізе.

Таксама “пачасціліся выпадкі хуліганства: разбіццё шкла ў цягніках, пашкоджанне абсталявання і накладанне старонніх прадметаў на рэйкі”: “У ліпені зафіксавана 11 такіх правапарушэнняў”.

31 ліпеня прэс-служба МУС паведамляла аб тым, што “невядомыя размясцілі камяні на шляхах чыгуначнага пераезду” ў Крупскім раёне (Мінская вобласць): “Гэта стала прычынай экстранага тармажэння пасажырскага цягніка “Мінск — Віцебск”. Супрацоўнікі міліцыі аператыўна ўстанавілі вінаватых — дваіх васьмікласнікаў”.

У ліпені “падобныя выпадкі пачасціліся — зафіксавана 11 фактаў”, прымянялася экстранае тармажэнне саставаў.

Большасць здарэнняў зарэгістравана ў сельскай мясцовасці, гаварылася ў рэлізе.

“Падкладванне на шляху старонніх прадметаў караецца штрафам да 420 беларускіх рублёў, пашкоджанне рэек або іншых пуцявых аб’ектаў — да 2,1 тыс. Калі ж суд угледзіць у такіх дзеяннях хуліганства, можна атрымаць да 10 гадоў пазбаўлення волі”, — папярэджвала ведамства.

Усяго ў першай палове зарэгістравана 18 правапарушэнняў, якія ствараюць пагрозу бяспечнаму руху чыгуначнага транспарту, паведамляла раней МУС: “Акрамя пакідання старонніх прадметаў на рэйках гэта яшчэ і разбіццё шкла ў рухомым складзе, пашкоджанне сродкаў сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакіроўкі”.

У большасці выпадкаў вінаватымі былі названы непаўналетнія.

Падзяліцца: