Мінск 15:27

Ініцыятыва Dissidentby папярэдзіла пра фэйкавы тэлеграм-бот, створаны сілавікамі.

17 жніўня, Позірк. Пра фэйкавы тэлеграм-бот, створаны нібыта ініцыятывай Dissidentby, папярэдзіла яна ў сацыяльных сетках.

“Гэты бот з’яўляецца фэйкавым, яго стварылі беларускія спецслужбы — ні ў якім разе не дасылайце туды інфармацыю”, — гаворыцца ў паведамленні.

Указаны адрас фэйкавага канала сувязі: @dissidentby_evacuation_bot

“У Dissidentby няма бота для сувязі! Вы можаце звязацца з намі праз наш сайт dissidentby.com (stayrebel.fun — даступны без VPN) або праз кантакты ў апісанні канала”, — адзначылі ў ініцыятыве.

“Акрамя гэтага, мы вядзем сацыяльныя сеткі на беларускай мове”, — удакладняецца ў паведамленні, паколькі падроблены акаўнт аформлены па-руску.

Ён нібыта створаны для “аператыўнай эвакуацыі грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія дасылалі інфармацыю ў “Беларускі Гаюн“.

Фальшывыя акаўнты для сувязі з дэмсіламі і грамадскімі арганізацыямі, якія дзейнічаюць за мяжой, ствараюцца перыядычна, як мяркуецца, сілавікамі і спецслужбамі. Людзі, якія адправілі ў іх свае дадзеныя, нярэдка аказваюцца сярод фігурантаў палітычачкі матываваных крымінальных спраў.

Пра “з’яўленне і актыўны распаўсюд” у мэсэнджэры “Тэлеграм” фэйкавага канала каманды экс-палітвязня Сяргея Ціханоўскага, паведаміла 7 ліпеня ініцыятыва “Краіна для жыцця”.

Аб затрыманнях па крымінальнай справе за перадачу інфармацыі праекту па маніторынгу ваеннай актыўнасці “Беларускі Гаюн” (закрыты ў пачатку года), паведамляў праваабарончы цэнтр “Вясна” 7 жніўня.

Пад варту ўзята не менш за 38 чалавек; прайшло не менш за шэсць судовых працэсаў. Праваабаронцы падкрэслілі, што насамрэч затрыманых значна больш. Справы распачаты паводле арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Праект “Беларускі Гаюн” быў заснаваны пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, займаўся маніторынгам ваеннай актыўнасці ў Беларусі. Спыніў працу 7 лютага 2025 года, неўзабаве пасля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей”.

Аб масавых затрыманнях па справе паведамлялася ў траўні.

У чэрвені Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў заснавальніка праекта Антона Матолькі да 20 гадоў пазбаўлення волі за “шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці”.

20 ліпеня кіраўнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак (цяпер часова адхілены ад пасады) паведамляў, што ў маі 2025 года ў брэсцкім следчым ізалятары знаходзілася каля 50 чалавек, абвінавачаных па справе “Беларускага Гаюна”.

Падзяліцца: