Мінск 18:50

Іранскі прэзідэнт Масуд Пезешкіян наведае Беларусь на пачатку наступнага тыдня

Масуд Пезешкіян
Архіўнае фота: Hamed Malekpour / wikimedia.org

16 жніўня, Позірк. Іранскі прэзідэнт Масуд Пезешкіян наведае Беларусь на пачатку наступнага тыдня, вынікае з паведамлення яго палітычнага дарадцы, дырэктара Інстытут даследаванняў Ірана і Еўразіі (IRAS) Мехдзі Санаі.

“Доктар Пезешкіян з панядзелка, 27 Мердад (1404 года — паводле персідскага календара, дата адпавядае 18 жніўня 2025 года. — “Позірк”.), зробіць двухдзённую паездку ў Арменію і Беларусь, — напісаў ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Мэтамі візіту з’яўляюцца ўмацаванне двухбаковых стасункаў, асабліва ў гандлёвай сферы, а таксама падпісанне дакументаў”.

“Гэтая паездка была запланаваная на пачатак Ціра (гэты месяц адпавядае перыяду з 23 чэрвеня па 23 ліпеня 2025-га. — “Позірк”.), але была адкладзеная. Прэзідэнт запрошаны для ўдзелу ў саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Кітаі ў месяцы Шахрывары (перыяд з 23 жніўня па 22 верасня 2025-га; саміт ШАС пройдзе з 31 жніўня па 1 верасня. — “Позірк”.)”, — адзначыў Санаі.

Пезешкіян як прэзідэнт краіны — назіральніцы пры ЕАЭС мусіў удзельнічаць у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 27 чэрвеня ў Мінску, аднак скасаваў паездку праз абстаноўку ў блізкаўсходнім рэгіёне.

Адметна, што візіт прэзідэнта Ірана пройдзе на фоне ўсё больш частых адкрытых кантактаў Аляксандра Лукашэнкі з уладамі Злучаных Штатаў Амерыкі і адначасова напружанасці паміж ЗША і Іранам.

12 лютага 2025 года ў выніку непублічных перамоў у Мінску намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафера Сміта і прадстаўнікоў беларускіх уладаў былі вызваленыя і адпраўленыя ў Літву палітвязні Андрэй Кузнечык (супрацоўнік “Радыё Свабода”), Алена Маўшук, а таксама асуджаны ў рамках палітычна матываванай справы амерыканскі і ўкраінскі грамадзянін Мікалай Шугаеў.

21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбыліся перамовы Лукашэнкі і спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келага. Неўзабаве пасля гэтага на волю адпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек (паводле іншых звестак — 16), пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

На наступны дзень пасля сустрэчы Келага і Лукашэнкі ЗША, выступаючы на баку Ізраіля ў канфлікце з Тэгеранам, ударылі па іранскіх ядзерных аб’ектах у Форда, Натанзе і Ісфахане. У адказ Іран атакаваў вайсковыя базы ЗША ў Катары, Кувейце, Бахрэйне і ААЭ.

Мінск спачатку адрэагаваў на абвастрэнне сітуацыі на Блізкім Усходзе дастаткова стрымана — 22 чэрвеня Міністэрства замежных спраў выказала “крайнюю занепакоенасць” дзеяннямі Вашынгтона.

Паралельна ў той жа дзень на дзяржаўным тэлебачанні выйшла інтэрв’ю са старшынёй КДБ Іванам Церцелем, які сярод іншага заявіў, што Мінск і Вашынгтон “знаходзяцца ў кантакце па многіх пытаннях, <…> абмеркаванне якіх здольнае прывесці да вырашэння праблем у многіх рэгіёнах, напэўна, свету і, у прыватнасці, <…> у Рэспубліцы Беларусь”. Паводле яго сцвярджэння, візіт Келага быў не спантанным: “Гэта сістэмная праца, якая праводзіцца ўжо на працягу года, а можа, і больш”.

На пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 27 чэрвеня Лукашэнка, каментуючы прычыны, з якіх Пезешкіан не змог прысутнічаць на саміце, выступіў у падтрымку Тэгерана, адзначыўшы, што “нядаўнія ўдары па ядзерных аб’ектах Ірана <…> самым небяспечным чынам парушаюць палажэнні міжнароднага права”. Пры гэтым ён не назваў краіны, якія ўдарылі па іранскай ядзернай інфраструктуры.

На ўрачыстым сходзе з нагоды Дня незалежнасці (3 ліпеня) Лукашэнка зноў асудзіў удары па Іране, а таксама заявіў, што не схільны давяраць Захаду, пра што, паводле яго сцвярджэння, казаў на сустрэчы з Келагам.

Паводле інфармацыі МЗС, 9 ліпеня ў Тэгеране амбасадар Беларусі Дзмітрый Кальцоў абмяняўся са спікерам парламента Махамадам Багерам Галібафам думкамі па “найбольш важных пытаннях двухбаковага ўзаемадзеяння і міжнароднай праблематыкі”. Бакі абмеркавалі цяперашні стан і перспектывы развіцця “парламенцкага вымярэння” ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі, дамовіліся і надалей актыўна развіваць “дагаворна-прававую базу супрацы”.

20–24 ліпеня Беларусь наведалі члены працоўнай групы Сходу ісламскага савета (парламента) Ірана па супрацы з Нацыянальным сходам Беларусі.

15 жніўня — перад сустрэчай з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным на Алясцы — прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагаварыў па тэлефоне з Лукашэнкам. На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы TruthSocial амерыканскі палітык назваў “выдатнай” гутарку з “глыбокапаважаным прэзідэнтам Беларусі”.

Паводле слоў Трампа, ён пагаварыў з Лукашэнкам у тым ліку для таго, каб выказаць “падзяку за вызваленне 16 зняволеных”: “Мы таксама абмяркоўваем вызваленне яшчэ 1.300 зняволеных. Наша гутарка была вельмі плённай. Мы абмеркавалі мноства тэм, уключаючы візіт прэзідэнта Пуціна на Аляску”.

Пазней Лукашэнку патэлефанаваў намеснік спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне Кіта Келага Джон Коўл.

Падзяліцца: