Мінск 14:21

Рашэнне Лукашэнкі па палітвязнях прадэманструе яго стаўленне да Трампа, лічыць Вячорка

Відэа: WAAY 31 News і СТБ / стоп-кадры і калаж: "Позірк"

16 жніўня, Позірк. Калі Дональд Трамп “здолее дамагчыся вызвалення больш як 1.300 палітычных закладнікаў у Беларусі і спыніць рэпрэсіі”, то гэта будзе “велізарнай перамогай” як для самога прэзідэнта ЗША, так і для “вольнага свету”, такое меркаванне выказаў Франак Вячорка — галоўны дарадца беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

“Так, гэты званок [Аляксандру] Лукашэнку быў ВЯЛІКІМ і незаслужаным падарункам самаабвешчанаму дыктатару. Цяпер мы пабачым, ці сапраўды Лукашэнка паважае прэзідэнта ЗША, ці проста спрабуе яго падмануць, як гэта робіць [прэзідэнт Расіі Уладзімір] Пуцін”, — напісаў ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Трамп паразмаўляў з Лукашэнкам па тэлефоне незадоўга да сустрэчы з Пуціным на Алясцы. На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы TruthSocial амерыканскі прэзідэнт назваў “выдатнай” гутарку з “глыбокапаважаным прэзідэнтам Беларусі”.

Паводле слоў палітыка, ён патэлефанаваў Лукашэнку ў тым ліку для таго, каб выказаць “падзяку за вызваленне 16 зняволеных”: “Мы таксама абмяркоўваем вызваленне яшчэ 1.300 зняволеных. Наша гутарка была вельмі плённай. Мы абмеркавалі мноства тэм, уключаючы візіт прэзідэнта Пуціна на Аляску [15 жніўня]”.

Пазней Лукашэнку патэлефанаваў намеснік спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне Кіта Келага Джон Коўл.

Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў у эфіры тэлеканала “Першы інфармацыйны” заявіў, што размова з Трампам адбылася з ініцыятывы амерыканскага боку. Чыноўнік таксама пракаментаваў момант, калі прэзідэнт ЗША падзякаваў Мінску за вызваленне 16 зняволеных. “Калі ён пачаў далей гэтую думку развіваць, наш прэзідэнт яго спыніў і сказаў: “Дональд, мы працу гэтую працягваем, мы яе актыўна вядзём, мы ў кантакце з прадстаўнікамі і Белага дома, і Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, у нас вядуцца пастаянныя кансультацыі, у тым ліку і па гэтай тэме”, — заявіў Рыбакоў.

Вызваленне вязняў пастаянны прадстаўнік назваў “пытаннем двухбаковага руху”: “Павінны быць прынятыя пэўныя рашэнні кожнага з бакоў”.

Ціханоўская заявіла, што чакае спынення рэпрэсій пасля размовы Лукашэнкі з Трампам. Вячорка адзначыў, што офіс дэмлідара правёў кансультацыі з амерыканскім бокам пасля званка Трампа Лукашэнку.

Гл. таксама:

“Дональд, мы працу гэтую працягваем”. Трамп патэлефанаваў Лукашэнку — ці выйдуць з турмаў новыя палітычныя вязні? (на рускай мове)

Падзяліцца: