Мінск 11:14

Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэнні пенсій “асобным катэгорыям грамадзян за працу ва Украіне“

15 жніўня, Позірк. Указ аб “прызначэнні пенсій асобным катэгорыям грамадзян за працу ва Украіне“ падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведаміла 14 жніўня яго прэс-служба.

Як адзначае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, палажэнні дакумента прадугледжваюць уключэнне ў стаж (страхавы і агульны) пры прызначэнні пенсіі ў Беларусі асобам, якія “пераехалі з Украіны на пастаяннае жыхарства, перыядаў іх працы ва Украіне да 1 ліпеня 1998 года“.

“Грамадзянам, якія маюць не ўлічаныя ў стаж перыяды працы ў Украіне да 1 ліпеня 1998 года, неабходна звярнуцца ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне (па месцы прызначэння пенсіі) з заявай аб пераразліку пенсіі“, — раіць ведамства.

Пераразлік пенсіі ў сувязі з дадатковым уключэннем у стаж працы ў Украіне будзе ажыццёўлены з 1-га чысла месяца, наступнага за месяцам падачы заявы.

“Раней, у сувязі з дэнансацыяй Украінай міжнародных дагавораў па пытаннях пенсійнага забеспячэння (у тым ліку двухбаковага дагавора з Рэспублікай Беларусь), прававых падстаў для ўключэння ў стаж працы грамадзян ва Украіне пасля 1 студзеня 1992 не мелася“, — гаворыцца ў паведамленні Мінпрацы.

Вярхоўная Рада Украіны 29 траўня 2023 года з ініцыятывы ўрада прыняла закон аб дэнансацыі міжурадавага пагаднення з Беларуссю “Аб гарантыях правоў грамадзян у галіне пенсійнага забеспячэння“.

З прыняццем закона дагаворна-прававая база ў сферы сацыяльнага забеспячэння будзе прыведзеная ў адпаведнасць з яе “нацыянальнымі інтарэсамі і сучасных рэалій знешняй палітыкі“.

Як паведамляе прэс-служба парламента краіны, дакумент прымаўся зыходзячы з падтрымкі Беларуссю ўзброенай агрэсіі Расиі супраць Украіны, што “з’яўляецца парушэннем прынцыпаў і нормаў міжнароднага права, мэтаў і прынцыпаў, якімі кіравалася Украіна, складаючы ўказаны міжнародны дагавор“.

У Вярхоўнай Радзе падкрэслілі, што прыняцце закона “не паўплывае на рэалізацыю правоў грамадзян, атрыманых у адпаведнасці з палажэннямі пагаднення“.

Падзяліцца: