Мінск 22:59

Акцёр Ждановіч, якому Грузія адмовіла ва ўездзе, раніцай вылеціць назад у Варшаву

Пейзаж з акна пакоя ў аэрапорце Кутаісі, дзе да вылету ў Варшаву будзе ўтрымлівацца Аляксандр Ждановіч. Подпіс: "Кутаісі. Горы Імерэціі. Толькі праз акно…"
Фота: фэйсбук-акаўнт Аляксандра Ждановіча

14 жніўня, Позірк. Аляксандр Ждановіч (Маляваныч), якому 14 жніўня ўлады Грузіі адмовілі ва ўездзе, правядзе ноч у спецыяльным пакоі ў аэрапорце Кутаісі і ў 6.25 вылеціць назад у Варшаву.

Ждановіч паведаміў “Позірку“, што прыехаў з польскай сталіцы на сустрэчы з прыхільнікамі яго творчасці ў Батумі (15 жніўня) і Тбілісі (19 жніўня) з праграмай “Ён паляцеў ды абяцаў вярнуцца”. Агулам ён збіраўся прабыць у Грузіі тыдзень.

У кутаіскім аэрапорце акцёру было адмоўлена ва ўездзе “з іншых прычын“. Звычайна за гэтай фармулёўкай хаваецца нежаданне кіроўнай партыі прарасійскага алігарха “Грузінская мара” Бідзіны Іванішвілі пускаць у краіну апанентаў рэжымаў у Расіі і Беларусі, а таксама крытыкаў самой партыі.

“Чаму мяне не пусцілі, дакладна не ведаю. Магчыма, у беларускіх і грузінскіх уладаў ёсць агульная база “небяспечных” людзей”, — выказаў меркаванне Ждановіч.

Аляксандру Ждановічу 61 год. Акцёр тэатра, кіно і тэлебачання, вёў папулярную дзіцячую вячэрнюю перадачу “Калыханка“. У 2020-м выступіў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў на карысць Аляксандра Лукашэнкі і гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў масавых акцый пратэсту. Увосень таго года быў арыштаваны на 9 сутак. У 2021-м звольнены з Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. У лютым 2022 года, калі ім зноў пачалі цікавіцца сілавыя структуры, быў эвакуяваны фондам BySol з Беларусі ў Грузію. Там ён пражыў больш за два гады, меў сваю студыю, летам 2024 года пераехаў у Польшчу.

Паводле слоў акцёра, у перыяд знаходжання ў Грузіі ён неаднаразова без праблем выязджаў і вяртаўся. Пасля ад’езду ў Польшчу гэта быў яго першы візіт у Грузію.

Ждановіч не першы вядомы дзеяч беларускай палітычнай эміграцыі, якому ўлады Грузіі адмовілі ва ўездзе. Да гэтага часу не задаволена ні адно хадайніцтва аб наданні прытулку ў гэтай краіне.

Падзяліцца: