Мінск 13:17

Вучэнні “Захад-2025” пройдуць 12–16 верасня, будзе правераная гатоўнасць да адбіцця агрэсіі — Мінабароны

Ілюстрацыйнае фота: Мінабароны

12 жніўня, Позірк. Сумесныя стратэгічныя вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі “Захад-2025” пройдзе 12–16 верасня, паведаміў на брыфінгу 12 жніўня начальнік дэпартамента міжнароднай вайсковай супрацы (МВС) — памочнік міністра абароны па пытаннях МВС Валерый Равенка.

Паводле яго слоў, вучэнні прысвечаныя “прымяненню груповак войскаў (сіл) у інтарэсах гарантавання ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы”.

Равенка паведаміў, што агульная мэта манеўраў заключаецца ў тым, каб праверыць магчымасці Беларусі і РФ “па гарантаванні ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы, гатоўнасці да адбіцця магчымай агрэсіі”.

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч 7 жніўня па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях дзейнасці Камітэта дзяржбяспекі заявіў, што ў Беларусі зробленыя ўсе захады, каб “не нерваваць” суседнія краіны запланаванымі на верасень сумеснымі з Расіяй вучэннямі “Захад-2025”.

Чыноўнік адзначыў, што месцы правядзення вучэнняў “адведзеныя ўглыб тэрыторыі”. “Тым не менш у адказ мы бачым зусім іншыя — недружалюбныя — крокі”, — цытавалі Вальфовіча дзяржаўныя СМІ.

Пры гэтым, сцвярджае ён, Беларусь “не раз заклікала” суседзяў да “аднаўлення сяброўскага і канструктыўнага дыялогу”, напрыклад, па лініі органаў памежнай службы. “Мы бачым, што, на жаль, адказу і жадання аднавіць канструктыўны дыялог ад нашых суседзяў не паступае”, — сказаў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў 28 траўня пра “зніжэнне параметраў” вучэнняў “Захад-2025” і пераносе манеўраў ад межаў углыб Беларусі (1 ліпеня Лукашэнка заявіў, што вучэнні перанесеныя, каб “знізіць градус напружанасці ў рэгіёне”).

Месяцам пазней, 23 чэрвеня, начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка паведаміў, што “напалову зменшаны склад войскаў, якія бяруць удзел у вучэннях”. У той жа час, паводле яго слоў, Мінск можа перамясціць “асобныя падраздзяленні” да заходніх межаў, каб “адпрацаваць эпізоды выключна абарончага характару”.

6 жніўня Міністэрства абароны паведаміла, што ў Беларусь прыбыў першы эшалон з вайскоўцамі РФ і тэхнікай “для падрыхтоўкі і далейшага ўдзелу ў сумесным стратэгічным вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі “Захад-2025”.

24 лютага 2022 года расійскае ваеннае ўварванне ва Украіну часткова ажыццяўлялася з тэрыторыі Беларусі пасля заканчэння сумесных вайсковых вучэнняў.

Падзяліцца: