Мінск 17:25

У ліпені МАЗ прадаў на расійскім рынку ў 2,2 раза менш новых грузавікоў, чым год таму

Ілюстрацыйнае фота: mazmarket.ru

11 жніўня, Позірк. У ліпені 2025 года на расійскім рынку прададзена 218 новых грузавікоў Мінскага аўтамабільнага завода — у 2,2 разы менш, чым за той жа месяц 2024-га (487), гаворыцца ў даследаванні “АСМ-холдынг” (РФ).

Прадукцыя МАЗа ў мінулым месяцы заняла 7-е месца ў спісе самых прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынка Расіі, канстатавалі эксперты (у студзені, лютым і сакавіку было 6-е, у красавіку дзяліла 5–6-е, траўні — 4-е, чэрвені — 7-е). Доля на рынку склала 4,5% (у чэрвені — 5,2%).

Лідарамі продажаў у справаздачным месяцы сталі: КамАЗ – 1.490 (-22,4% да ліпеня 2024-га), SITRAK – 455 (-73,9%) і ГАЗ – 413 (-34,2%).

За сем месяцаў 2025 года беларускае прадпрыемства рэалізавала на рынку РФ 1.819 грузавікоў (3.331; у 1,8 раза менш).

За мінулы год беларускае прадпрыемства збыла ў РФ 5.719 адзінак гэтай тэхнікі (за 2023 год — 6.406; -10,7%).

Пяцёрка лідараў продажаў па выніках 2024 года: КамАЗ (23.121; -26,5% да ўзроўню продажаў 2023-га), SITRAK (19.376; -19,2%), Shacman (15.545; -25,6%), FAW (11.680; -26,3%), Dongfeng (9.990; рост у 2,1 раза).

На нарадзе па развіцці прамысловасці 9 красавіка 2024 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “айчынная прадукцыя саступае аналагам як ў цане, так і ў якасці”. “Доля нашых грузавых аўтамабіляў [на расійскім рынку] знізілася — да 6%”, — звярнуў увагу ён.

15 чэрвеня 2023 года першы віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў, што рынак аўтатэхнікі Саюзнай дзяржавы “мае патрэбу ў аператыўным прыняцці адмысловых ахоўных мер праз актыўную экспансію кітайскіх вытворцаў”.

Лукашэнка сёлета 31 ліпеня на нарадзе з кіраўнікамі беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў выказаў незадаволенасць тым, што на расійскі рынак “пранікаюць тавары з трэціх краін без усялякай лакалізацыі”, выціскаючы беларускую прадукцыю.

Падзяліцца: