Мінск 16:46

Лукашэнка зноў атаясаміў Беларусь і РФ, выступіў за нарошчванне сувязей з Чэлябінскай вобласцю

Аляксандр Лукашэнка і губернатар Чэлябінскай вобласці РФ Аляксей Тэкслер (11 жніўня 2025 года, Мінск)
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

11 жніўня, Позірк. Пра важнасць наладжвання гуманітарнай супрацы і міжасобасных зносін заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня ў Мінску на сустрэчы з губернатарам Чэлябінскай вобласці Расіі Аляксеем Тэкслерам.

“Каб людзі мелі зносіны — вашыя людзі прыязджалі да нас, нашыя — да вас, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Хоць вашыя-нашыя — тут межаў у нас няма. Мы не дзелім. Мы адзінае цэлае. Наша Айчына ад Брэста да Уладзівастока так і застаецца, хоць узніклі (вы разумееце, не з нашай віны) дзве дзяржавы. Але мы знаходзім пункты судотыку, мы супрацоўнічаем. Супрацоўнічаем нядрэнна”.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь і Чэлябінская вобласць РФ дасягнулі “даволі значнага аб’ёму тавараабароту — больш як паўмільярда долараў на год”.

“Мы зможам гэтыя паўмільярда пераадолець, і як мінімум у бліжэйшы час, за пяцігодку, калі такімі тэмпамі, то падыдзем мы да мільярда. Вельмі хацелася б, — сказаў ён. — Мы ў гэтым вельмі зацікаўленыя, паколькі з Чэлябінскай вобласці мы атрымліваем вялікую колькасць матэрыялу, асабліва металу, і іншыя карысныя для нас рэчы. Мы гатовыя ў гэтым кірунку рухацца і супрацоўнічаць з вамі. Ведайце, што тут, у Беларусі, на крайнім захадзе Айчыны, вы маеце добрых надзейных сяброў”.

Разам з тым, адзначыў палітык, у двухбаковых эканамічных стасунках “маюцца і недахопы”. У прыватнасці, паводле яго слоў, існуе “некаторае адставанне ў аб’ёме закупак БелАЗаў” у параўнанні з мінулымі перыядамі.

Назваўшы такую сітуацыю “агульнай тэндэнцыяй”, спікер патлумачыў яе тым, што “грошы ў Расіі сталі дарагімі — стаўкі па крэдытах і ключавая стаўка Цэнтрабанка застаюцца даволі высокімі”. “Гэта агульная тэндэнцыя, думаю, мы яе пераадолеем”, — лічыць ён.

Сваю сустрэчу з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным на Валааме на пачатку жніўня Лукашэнка назваў “вельмі прадуктыўнай і вельмі карыснай”.

“Абмяркоўваючы некаторыя праблемы, мы глядзелі перш за ўсё на перспектыву нашых стаскнкаў”, — адзначыў ён, дадаўшы, што бачыць перспектыву “перш за ўсё ў прамысловай кааперацыі”.

Паводле слоў палітыка, цяпер Беларусь і Чэлябінская вобласць РФ пастаўляюць адна адной “камплектуючыя і шырокую лінейку прамысловых тавараў”, Мінск экспартуе сельскагаспадарчую тэхніку.

“Мы павінны падумаць і пра кааперацыю такой тэхнікі, — сказаў ён. — Чэлябінская вобласць вельмі прасунутая, мы можам лакалізаваць вельмі многія кампетэнцыі і ў частцы нашай тэхнікі. І з задавальненнем будзем працаваць не толькі на чэлябінцаў, але і на блізкія рэгіёны Расійскай Федэрацыі”.

Кажучы пра супрацу ў галіне станкабудавання, Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Чэлябінская вобласць “сёе-тое зрабілі разам” для развіцця гэтай галіны. “Мы, напэўна, зможам распрацаваць нейкі план нашых сумесных дзеянняў, так званую дарожную карту на перспектыву”, — мяркуе ён.

Лукашэнка рэгулярна заяўляе, што шкадуе пра распад СССР. Неаднаразова называў сябе “савецкім чалавекам”.

25 кастрычніка 2024 года ў інтэрв’ю расійскаму выданню “Известия” ён заявіў, што ў Беларусі і РФ “агульная айчына ад Брэста да Уладзівастока” і ад гэтага “нікуды не падзенешся”.

Падзяліцца: