Мінск 23:51

Член КС Кныровіч: Дамова Пуціна і Трампа пахавае надзеі на незалежнасць Беларусі

knyrovich-NB-OST-20240803
Аляксандр Кныровіч
Архіўнае фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

10 жніўня, Позірк. Імітацыйнымі, але адначасова патрэбнымі назваў структуры дэмакратычных сіл за мяжой, у тым ліку Каардынацыйную раду, яе сябра, прадстаўнік фракцыя “Беларусы” (ранейшая назва — “Блок Пракоп’ева — Ягорава”) Аляксандр Кныровіч на канферэнцыі “Новая Беларусь” 10 жніўня ў Варшаве.

“У мяне адчуванне, што я знаходжуся ў кампаніі, якая ідзе да банкруцтва. Мы знаходзімся ў стане імітацыйных структур. Офіс [дэмлідэра Святланы Ціханоўскай], Аб’яднаны пераходны кабінет, каардынацыйная рада — гэта вельмі патрэбныя структуры. Яны закрываюць дзірку на сцяне. І як мінімум яны патрэбныя, таму яны раздражняюць той бок“, — заявіў ён.

“Тое, колькі сіл траціць КДБ, і АБЭЗ, і ўсё астатняе на тое, каб супрацьдзейнічаць, ужо варта гэтага. Але структуры, вядома ж, імітацыйныя. І каб напоўніць іх сэнсам, зместам, нам, вядома, патрэбна канкурэнцыя думкі”, — дадаў палітык.

Кныровіч лічыць, што ў асяроддзі дэмсіл адбываецца раскол і вітае гэта.

Закранаючы знешнепалітычны кантэкст, ён заявіў, што “ніякая сустрэча Трампа з Пуціным не развяжа беларускую праблему“: “Яна нас пахавае. Гэтак жа, як у ліпені 1945 года пахавалі мару Польшчы аб незалежнасці, проста выкінуўшы ўрад з Лондана, які быў значна больш легітымны, чым сённяшнія нашы структуры. Сапраўды гэтак жа дамова Пуціна і Трампа пахавае надзеі на незалежнасць Беларусі” (гаворка пра ўрад Польшчы, які дзейнічаў у выгнанні з 1939 года і яго непрызнанні хаўруснікамі пасля фармавання прасавецкага. — “Позірк”.).

На думку Кныровіча, вокны магчымасцяў для дэмакратычных пераменаў у краіне “раней за 2030 год не будзе“.

“Адзіная задача, якую мы павінны вырашыць, — гэта ў 30-м ці пазней перакінуць той агонь, які ўсё яшчэ ёсць пасля 20-га года — нашы напрацоўкі, наш уплыў унутры Беларусі (ён усё яшчэ ёсць), нашу Легітымнасць — тым людзям, якія сёння знаходзяцца ў Беларусі, — лічыць спікер. — Там сядзіць новы прэзідэнт Беларусі, там сядзяць людзі, якія будуць рабіць перамены”.

51-гадовы Кныровіч — прадпрымальнік, бізнес-ментар, блогер. Былы вязень. Затрыманы ў 2017 годзе, з ліпеня 2018-га адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і дачы хабару. Часткова прызнаў віну. 

Пасля вызвалення ў 2021 годзе эміграваў, далучыўся да дэмакратычнага руху.

Яго кандыдатура вылучалася на пасаду спікера КС.

Фракцыя, якую прадстаўляе Кныровіч, падчас слуханняў Аб’яднанага пераходнага кабінета ў КС 8 жніўня публічна запатрабавала адстаўкі Паўла Латушкі з пасады намесніка кіраўніка АПК.

Падзяліцца: