Мінск 01:19

Аўстралія, Канада і Вялікабрытанія заклікалі беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі

Ілюстрацыя: unsplash.com

9 жніўня, Позірк. “Пяць гадоў таму рэжым Лукашэнкі пачаў жорсткае падаўленне мірных пратэстоўцаў пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі. Мы — Аўстралія, Канада і Злучанае Каралеўства — аднадушна асуджаем рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека, якія працягваюцца“. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве Аўстралійскага Саюза, Канады і Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі з нагоды пятай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі. Іх афіцыйныя вынікі (80% за Аляксандра Лукашэнку) выклікалі масавыя акцыі пратэсту.

“Са жніўня 2020 года беларускія ўлады вядуць кампанію па знішчэнні грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і любой формы палітычнай апазіцыі. Тысячы людзей былі несправядліва затрыманыя, зведалі катаванні або былі вымушаныя сысці ў выгнанне. Гэтыя дзеянні ўяўляюць сабой абуральнае парушэнне міжнародна-прававых абавязацельстваў Беларусі і з’яўляюцца сур’ёзным парушэннем правоў чалавека і асноўных свабод. Падтрымка рэжымам незаконнай вайны Пуціна супраць Украіны яшчэ больш падкрэслівае яго грэбаванне ўсеагульным мірам і бяспекай“, — лічаць у Канберы, Атаве і Лондане.

“Хоць мы вітаем нядаўняе вызваленне некалькіх палітвязняў у Беларусі, мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя арыштамі і пераследамі людзей за ажыццяўленне сваіх правоў чалавека. Больш за 1.100 чалавек па-ранейшаму ўтрымліваюцца пад вартай у сувязі з палітычнай дзейнасцю. Мы сумесна заклікаем да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення і настойліва заклікаем беларускія ўлады спыніць кампанію рэпрэсій“, — гаворыцца ў заяве.

“Нашы краіны па-ранейшаму цвёрда стаяць на пазіцыі абароны правоў чалавека, садзейнічання падсправаздачнасці і падтрымкі імкнення беларускага народа да свабоднай і дэмакратычнай будучыні“, — адзначаецца ў дакуменце.

Акрамя згаданых краін са спецыяльнымі заявамі з нагоды пятай гадавіны выбараў-2020 выступілі Еўрасаюз, Еўрапарламент, Парламенцкая асамблея НАТО, Хельсінкскі камітэт ЗША, прэзідэнт Літвы, а таксама знешнепалітычныя ведамствы Аўстрыі, Германіі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Польшчы, Славеніі, Фінляндыі, Чэхіі, Швецыі і Эстоніі.

Падзяліцца: