Мінск 21:50

Пратэсты 2020 года не далі зрабіць Беларусь часткай Расіі, мяркуе даследчыца беларускіх вязняў ГУЛАГу Чарнаморцава

Валерыя Чарнаморцава
Фота: "Позірк"

9 жніўня, Позірк. Удзельнікаў пратэстаў 2020 года часта абвінавачваюць у тым, што яны выйшлі на вуліцы з кветкамі і паводзіліся міралюбна, калі трэба было дзейнічаць іначай, заявіла 9 жніўня ў Вільнюсе экс-палітзняволеная, экскурсавод, даследчыца беларускіх вязняў ГУЛАГу Валерыя Чарнаморцава.

Сваім меркаваннем яна падзялілася на мітынгу, прымеркаваным да пятай гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, пасля якіх распачаліся самыя масавыя пратэсты ў гісторыі незалежнай Беларусі, а затым — небывалага маштабу рэпрэсіі, якія цягнуцца дагэтуль.

“Я лічу, што мы тады зрабілі менавіта так, як трэба, тое, што мы маглі. На нейкі час мы рэальна зламалі сцэнарый [рэжымаў у Мінску і Маскве], — заявіла Чарнаморцава. — Мая думка такая: у 2020 годзе быў план — выклікаць беларусаў на стыхійны гвалтоўны супраціў і зачысціць Беларусь. Мы ведаем, што была Расгвардыя падрыхтаваная (неўзабаве пасля пачатку пратэстаў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што падраздзяленні гэтых войскаў гатовыя прыехаць у Беларусь, калі ўзнікнуць беспарадкі. — “Позірк”.). Калі б пратэсты сапраўды сталі некантраляванымі і гвалтоўнымі, было б нашмат больш ахвяр. І, напэўна, вайна ва Украіне магла б распачацца раней, бо зачысцілі б Беларусь, зрабілі б яе проста адной з правінцый “расейскай імперыі” і раней бы пайшлі на Украіну”.

На думку спікера, “усё пайшло не так, як яны планавалі”, калі пасля “самых гвалтоўных першых дзён” на вуліцы “выйшлі жанчыны ў белым”.

“На жаль, Расія тады была моцнай, і мы амаль не мелі шанцаў [перамагчы], але я веру, што зараз сітуацыя можа змяніцца. І мая вера палягае ў тым ліку на біяграфіі Ларысы Антонаўны Геніюш”, — заявіла Чарнаморцава, дадаўшы, што лічыць гэтую беларускую паэтку “духоўнай апякункай жаночых пратэстаў 2020 года”.

Даследчыца нагадала, што Геніюш разам з мужам арыштавалі 5 сакавіка 1948 года, а “роўна праз 5 гадоў — 5 сакавіка 1953 года — памёр [таталітарны кіраўнік СССР Іосіф] Сталін”. Гэта здарылася “напярэдадні дня народзінаў мужа” Геніюш. “А ў яе самой дзень народзінаў — 9 жніўня. Я вельмі спадзяюся, што [вакол гэтай даты] нешта можа здарыцца, [падобнае да смерці Сталіна]”, — сказала яна.

Чарнаморцава адзначыла, што ў ГУЛАГу Геніюш “называлі “маці”, бо яна нікому не скаралася”: “Нечым па духу яе можна параўнаць з нашым Алесем Пушкіным, які таксама быў свабодны нават за кратамі”. Геніюш вызвалілі пасля смерці Сталіна, яны з мужам “не адсядзелі тыя 25 гадоў, якія ім далі”.

“Яна жыла ў Зэльве (Гродзенская вобласць. — “Позірк”.), не мела працы, — паведаміла даследчыца. — Яна была вельмі гнанай, бо не прымала савецкага грамадзянства. Была дысідэнткай, але да яе ездзілі. <…> Мастакі, студэнты, археолагі, паэты, пісьменнікі прыязжалі да яе. Нават Максім Танк, які быў старшынёй Вярхоўнага савета БССР, прыязджаў угаворваць яе прыняць савецкае грамадзянства”.

Спікер заклікала памятаць пра гісторыю і выбітных асоб, а таксама падтрымала папярэдняга выступоўцу — літоўскага блогера, актывіста, валанцёра на вайне ва Украіне Жыльвінаса Світоюса, які салідарызаваўся з беларусамі, якія змагаюцца за свабоду, і нагадаў пра важнасць родных моў.

“Згодная, часам мова таксама бывае зброяй. Таму вучыце беларускую мову, вучыце літоўскую мову — тут, у Вільні, — звярнулася яна да ўдзельнікаў мітынгу.

Чарнаморцава ад імя беларусаў падзякавала літоўцам і Літве “за прытулак” і заклікала не паддавацца на спробы пасварыць два народы.

“Тое, што адбылося ўчора (верагодна, гаворка пра арганізаваную літоўскім дэпутатам Вітаўтасам Сініцай акцыю супраць Офіса Святланы Ціханоўскай. — “Позірк”.), і ўсе гэтыя рэчы, якія я назіраю, знаходзячыся 2,5 года тут (спробы абвінаваціць беларусаў у “літвінізме”. — “Позірк”.), — гэта проста такая расейская інфармацыйна-псіхалагічная спецаперацыя. Гэта менавіта ФСБшныя ўкіды, якімі хочуць пасварыць беларусаў і літоўцаў. Ведаеце, ёсць толькі два чалавекі, якія хочуць забраць Вільню, і гэта не мы, якія тут стаяць. Нам бы і Менск вярнуць, праўда? А Вільню хоча захапіць толькі Пуцін і ягоны гаўляйтар. Таму давайце быць разам, разам змагацца з расейскай — пакуль што інфармацыйнай — агрэсіяй і не паддавацца на правакацыі”, — падсумавала Чарнаморцава.

Падзяліцца: