Мінск 21:48

Экс-палітзняволеная Такарчук: 2020 год даў нам шанец на лепшую будучыню

Экс-палітзняволеная, блогер Вольга Такарчук (9 жніўня 2025 года, Вільнюс)
Фота: "Позірк"

9 жніўня, Позірк. Падзеі 2020 года паказалі беларусам, кім яны насамрэч з’яўляюцца, заявіла 9 жніўня ў Вільнюсе экс-палітзняволеная Вольга Такарчук.

Блогер выступіла на мітынгу, прымеркаваным да пятай гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, пасля якіх распачаліся самыя масавыя пратэсты ў гісторыі незалежнай Беларусі, а затым — небывалага маштабу рэпрэсіі, якія цягнуцца дагэтуль.

“Мы сёння выйшлі за ўсіх тых, хто цяпер сядзіць — за тысячы і тысячы нашых палітычных зняволеных, — сказала яна. — Мы сёння прыйшлі і за тых, хто не можа — з зразумелых прычын — выйсці ўнутры нашай краіны, але хто ўсё адно ў думках заўсёды з намі, яны ўсе спадзяюцца на нас”.

“Для чаго нам патрэбны быў 2020 год? Напэўна, ён паказаў нам, хто мы. Ён адказаў на пытанне — мы народзец, быдла, жывёлы, кныры (як там яшчэ называў нас вусаты)? [Адказ —] не, ён паказаў нам, што мы — народ. Народзец цяпер застаўся з рэжымам Лукашэнкі і кожны дзень прачынаецца з пытаннем, пакараюць яго смерцю альбо памілуюць. А ў 2020 годзе выйшаў менавіта народ”, — падкрэсліла спікер.

Такарчук перакананая, што ўсё, што адбылося пяць гадоў таму, не было марным. На яе думку 2020 год даў усім беларусам “шанец на лепшую будучыню, на будучыню новых пакаленняў — дзетак, унукаў”. Падзеі пяцігадовай даўніны, адзначыла яна, таксама далі народу магчымасць адказаць на пытанне: “Дзе мы хочам быць, у дэмакратычнай Еўропе ці з гэтым праславутым “русским миром” і яго скрэпамі?”

“Ці атрымалі мы паразу? Не, не атрымалі, бо нашая барацьба і нашая вайна яшчэ не скончаныя, — падкрэсліла блогер. — На прыкладзе Украіны: ці мы можам сказаць, што яны атрымалі паразу? Не. Ці мы можам сказаць, што перамагла Расія? Не. Расія кожны дзень захоплівае нейкія маленькія сантыметры ўкраінскай зямлі. Але, па сутнасці, топчуцца на месцы з вялікімі стратамі. Гэтаксама і рэжым Лукашэнкі — ён ужо пяты год топчацца на месцы з вялізнымі эканамічнымі, кадравымі стратамі, калі нас так шмат вось тут”.

“Украіна кожны дзень адбівае маленькі сантыметр сваёй зямлі. І кожны дзень нашая барацьба, нашыя санкцыі паказваюць рэжыму, што мы ні на што не забыліся, мы нічога не даравалі, што мы яго ненавідзім. І Лукашэнка гэта ведае. Ён пяць гадоў жыве ў страху, у жаху, ведаючы, што яго ненавідзяць. Менавіта таму ўсе гэтыя бесперапынныя рэпрэсіі, тысячы і тысячы палітвязняў, запалохванне нас тут (у эміграцыі. — “Позірк”.). Дзякуй вам, што вы прыйшлі, што вы не баіцеся і змагаецеся. Мы не маем права апускаць рукі”, — дадала спікер.

Такарчук заявіла, што Лукашэнку і яго рэжыму нельга дараваць тое, што ён зрабіў з беларусамі ў 2020 годзе, і тое, як ён “дапамог Расіі напасці на Украіну” ў 2022-м. Блогер заклікала ўшанаваць хвілінай маўчання “тых, хто загінуў падчас пратэстаў, у турмах, не вытрымаў і пакончыў з сабою”.

“Я прашу вас не апускаць рукі, — звярнулася яна да ўдзельнікаў мітынгу. — Нам трэба вызваліць усіх, хто цяпер у турмах. Нам трэба вызваліць нашу краіну, каб мы маглі вярнуцца дадому, каб мы маглі пачаць будаваць нашу новую Беларусь”.

“2020 год — вядома, не трэба ў ім жыць, але яго назаўжды трэба пакінуць у нашым сэрцы як памяць, што мы перарадзіліся, знайшлі адзін аднаго, [стаім] плячо ў плячо. І наша вялізная сіла — салідарнасць, тое, што нас мільёны. Лукашэнка не мае гэтай сілы, ён не мае мільёнаў, салідарнасці, у яго ўсё трымаецца на страху”, — падсумавала Такарчук.

У рамках палітычна матываванай справы блогер была асуджаная на 1,5 года пазбаўлення волі, знаходзілася ў няволі з 19 траўня 2021 года да 16 чэрвеня 2022-га (з улікам асаблівасцяў падліку тэрміна, праведзенага ў следчым ізалятары).

Напрыканцы студзеня 2024 года ў доме сям’і Такарчук быў праведзены вобшук, а саму яе супрацоўнікі КДБ дапыталі па справе, звязанай з сервісам дапамогі рэпрэсаваным INeedHelpBY. Неўзабаве пасля гэтага разам з мужам і дзецьмі блогер пакінула Беларусь. Аднак у рамках згаданай справы была затрыманая і пасля прыгавораная да 3 гадоў зняволення яе маці — Ірына Такарчук. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

Падзяліцца: