Мінск 21:55

Салідарнасць з дэмакратычнай Беларуссю выказаў шэраг вядомых палітыкаў

9 жніўня, Позірк. Салідарнасць з дэмакратычнай Беларуссю выказаў шэраг вядомых палітыкаў з нагоды пятай гадавіны правядзення прэзідэнцкіх выбараў-2020, афіцыйныя вынікі якіх (80% за Аляксандра Лукашэнку) прывялі да масавых акцый пратэсту па ўсёй краіне.

Падзеі 9 жніўня 2020 года былі “манументальным грамадзянскім абуджэннем“, якое ледзь не зрынула рэжым Лукашэнкі і нагадвае пра дэмакратычную Беларусь, якая змагаецца цяпер пад таталітарным праўленнем“, заявіў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.

Паводле яго слоў, дзяржаўная прапаганда малюе Лукашэнку геапалітычным геніем, які балансуе паміж Усходам і Захадам дзеля ўмацавання беларускай незалежнасці за любы кошт. У рэальным свеце, мяркуе кіраўнік літоўскай дыпламатыі, Лукашэнка “паступова прадаў беларускі суверэнітэт Расіі, у тым ліку крытычна важную інфраструктуру і ўзброеныя сілы“.

Беларусь знаходзіцца пад беспрэцэдэнтна жорсткімі міжнароднымі санкцыямі, а 70% яе знешняга гандлю залежыць ад РФ, адзначыў Будрыс.

Асобна палітык падкрэсліў, што Беларусь, якая нібыта не знаходзіцца ў стане вайны, страціла не менш за 300 тыс. сваіх жыхароў з-за масавага зыходу, паскоранага рэпрэсіямі.

Член Хельсінкскай камісіі ЗША, спецпрадстаўнік ПА АБСЕ па палітвязнях Стыў Коэн выступіў з заявай, у якой вітаў нядаўняе вызваленне групы палітвязняў і адзначыў, што іх агульная колькасць практычна не змянілася — больш за 1 тыс.

Коэн заклікаў Мінск неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных і спыніць выкарыстанне судовай сістэмы ў якасці інструмента рэпрэсій.

Міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна адзначыў, што Лукашэнка захаваў сваю жалезную хватку і за апошнія гады свет убачыў сапраўдны твар ягонага рэжыму, які працягвае падтрымліваць жорсткую, агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны, адначасова выкарыстоўваючы міграцыйны ціск на Еўропу ў якасці зброі. У той жа час, на думку Цахкны, надзея на дэмакратычную Беларусь не страчаная, а падтрымка беларускіх дэмакратычных сіл Эстоніяй застаецца непахіснай. Беларусы павінны быць вызваленыя ад страху і рэпрэсій, а іх краіна павінна стаць часткай сям’і дэмакратычных еўрапейскіх нацый.

Партыя еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў у Еўрапарламенце падкрэсліла, што адважны народ Беларусі працягвае змагацца за лепшую будучыню, у якой дэмакратыя і правы чалавека заменяць дыктатуру і тэрор.

Грузінскі парламентарый Элене Хаштарыя адзначыла, што масавае супрацьстаянне рэжыму ўмацавала беларускую нацыянальную самасвядомасць — неабходную умову вызвалення Беларусі.

“Мы, грузіны і беларусы, з’яўляемся ахвярамі Расейскай імперыі і разам змагаемся за вызваленне ад яе прыгнёту“, — заявіла яна.

Міністэрства замежных спраў Аўстрыі падкрэсліла, што пяць гадоў таму беларусам было адмоўлена ў дэмакратычным выбарчым праве, і таксама заклікала вызваліць палітвязьняў.

Як адзначыў МЗС Латвіі, пяць гадоў таму беларускі народ “смела і выразна выказаў падтрымку дэмакратыі, свабодзе і незалежнасці”. Грамадзяне “сутыкнуліся з рэпрэсіямі і непавагай да правоў чалавека, многія былі заключаныя ў турму”. “Латвія падтрымлівае народ Беларусі на шляху да дэмакратыі і патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх 1.180 палітвязняў”, — гаворыцца ў заяве.

Падзяліцца: