Некалькі дзясяткаў чалавек выйшлі ў Вільнюсе на мітынг супраць Офіса Ціханоўскай

8 жніўня, Позірк. Ануляваць акрэдытацыю Офіса Святланы Ціханоўскай у Літве запатрабавалі 8 жніўня ўдзельнікі мітынгу ля будынка Міністэрства замежных спраў у Вільнюсе. Мерапрыемства арганізаваў дэпутат Сейма Вітаўтас Сініца, паведамляе партал Delfi.
“З Богам, Ціханоўская”, “Віціс” — гэта не беларускі сімвал”, “Ціханоўская — прэч з Літвы”, “Літоўскімі грашыма фінансуюць дзеянні супраць Літвы”, “Беларусы, як бумеранг — чаму ўвесь час вяртаюцца да бацькі?” — з такімі плакатамі выйшлі ўдзельнікі акцыі.
Мяркуючы па фота, у мітынгу ўдзельнічала некалькі дзясяткаў чалавек.
Паводле слоў Сініцы, Літва спадзявалася зрабіць так, каб Беларусь стала празаходняй дзяржавай, адмежавалася ад Расіі з дапамогай Офіса Ціханоўскай, аднак дамагчыся гэтага не ўдалося. Цяпер, адзначыў дэпутат, Вільнюс павінен шукаць новыя шляхі і прызнаць, што дзейнасць Ціханоўскай “як мінімум не дапамагае вырашыць праблемы беларускай дыяспары, якая расце”.
На мітынг прыйшоў мужчына з плакатам “Дзякуй, Літва, за падтрымку!”. У адказ на яго заўвагу, што такія акцыі на руку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, Сініца сказаў, што мітынг “не за і не супраць” Лукашэнкі: “Наадварот, гэта пратэст супраць таго, як з беларускай апазіцыяй паводзіць сябе Літва, гэта ніяк не мяняе Беларусь”.
Таксама гэта мітынг не супраць беларускай апазіцыі, сказаў Сініца, а з мэтай “звярнуць увагу на дзейнасць і фінансаванне Офіса Ціханоўскай”.
Прадстаўнік МЗС Міндаўгас Станіс сказаў перад мітынгам, што Літва паслядоўна падтрымлівае беларускую апазіцыю, паколькі гэта ў інтарэсах нацбяспекі краіны. На пытанне, ці не ўлічвае ведамства нядаўнія заявы Сяргея Ціханоўскага аб “аўтаномных акругах” у Літве, дыпламат адказаў, што міністэрства небяспеку не ацэньвае — гэта прэрагатыва Дэпартамента дзяржбяспекі.
Станіс падкрэсліў, што выказванні Ціханоўскага аб аўтаномных акругах “не прыводзяць да якіх-небудзь дыскусій на міжведамасным узроўні”.
Адносна анулявання акрэдытацыі офіса Ціханоўскай ён заявіў:“Статус быў прадастаўлены на ўзроўні ўрада, цяпер пытанне змены статусу не абмяркоўваецца”.
Словы Сініцы пра павелічэнне беларускай дыяспары разыходзяцца з афіцыйнай статыстыкай Літвы. Паводле звестак Дэпартамента міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы, колькасць беларусаў, якія пражываюць у Літве, скарачаецца. З пачатку года колькасць зменшылася амаль на 10%.
27 ліпеня МЗС Літвы заявіў, што хадайніцтва Сініцы аб ануляванні акрэдытацыі “Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі” (дэ-факта Офіса Святланы Ціханоўскай) разгледжана не будзе.
Падкрэслівалася, што “акрэдытацыя місіі павінна быць захаваная і дзейнічаць датуль, пакуль грамадзяне Беларусі і іх дэмакратычныя сілы не змогуць свабодна і дэмакратычным шляхам прымаць рашэнне пра будучыню сваёй дзяржавы”.
23 ліпеня паведамлялася, што міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс не бачыць падстаў разглядаць пытанне аб ануляванні акрэдытацыі Офіса Ціханоўскай.
“Прадастаўлены прадстаўніцтву статус дазваляе яму функцыянаваць, дзейнічаць, выконваць функцыі і мабілізаваць дэмакратычныя сілы”, — заявіў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.
Як паведамляў “Позірк”, дэпутат Сініца 22 ліпеня адрасаваў Будрысу зварот з просьбай ануляваць акрэдытацыю Офіса Ціханоўскай.
Сініца сцвярджае, што “літоўскай гасціннасцю і добрай воляй” дэмсілы карыстаюцца “не для наладжвання добрасуседскіх адносін, а для стварэння ў Літве нейкай базы для беларусаў” і ”альтэрнатыўнай Беларусі”.
23 ліпеня на сайце Ціханоўскай была апублікаваная заява яе Офіса ў сувязі з ініцыятывай сініцы.
Беларуская дэмакратычная супольнасць “шануе падтрымку Літвы, літоўскага ўрада і народа” і ўдзячная Вільнюсу за “шматгадовую падтрымку беларусаў, якія змагаюцца за мірныя дэмакратычныя і еўрапейскія пераўтварэнні ў краіне”, гаварылася ў каментарыі.
Адзначалася, што “ліст дэпутата літоўскага Сейма, які з’явіўся ў публічнай прасторы, утрымлівае недакладную і ілжывую інфармацыю і шкодзіць сяброўскім адносінам паміж літоўскім і беларускім народамі”.
“Раней Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы заяўляў, што пад выглядам “літвінізму” робіцца спроба дыскрэдытаваць дэмакратычныя сілы Беларусі і супрацьпаставіць грамадзян Літвы і беларусаў, якія жывуць у краіне”, — падкрэсліў Офіс Ціханоўскай.
25 ліпеня стала вядома, што Сініца звярнуўся ў Генеральную пракуратуру Літвы з просьбай ацаніць, ці не парушаюць заявы прадстаўніка беларускай апазіцыі Сяргея Ціханоўскага аб магчымасці стварэння беларускіх аўтаномных “астравоў” на тэрыторыі Літвы палажэнні Крымінальнага кодэкса.
“Ціханоўскія не асуджаюць літвінізм, яны запрашаюць Сейм да сумеснага пошуку гістарычнай праўды пра Вялікае Княства Літоўскае, як быццам Літва яе яшчэ не знайшла, прысвойваюць сімвал “Віціса” (“Пагоні”. — “Позірк”.) для свайго псеўдапашпарта, крытыкуюць абмежаванні міграцыйнай палітыкі і, нарэшце, кажуць пра “астравы“, — гаворыцца ў звароце.
Паводле яго слоў, на фоне вайны ва Украіне “да такіх прапаноў неабходна ставіцца вельмі сур’ёзна”, бо, як сцвярджае дэпутат, “менавіта з такіх дзеянняў пачалася агрэсія Расіі ва Украіне”.
У інтэрв’ю ютуб-каналу “Жыццё-маліна”, апублікаваным 6 ліпеня, Ціханоўскі сказаў: “Я хачу жыць у Беларусі. У турме я шмат пра гэта думаў. Калі беларусы не захочуць змагацца, не захочуць верыць у мяне, няхай вераць у кагосьці іншага, але галоўнае — каб яны змагаліся. І галоўнае, каб гэта прывяло да выніку”.
Ён дадаў: “Я пачну тут будаваць астравы такія, як у немцаў у Расіі была нямецкая аўтаномная акруга, або яўрэйская. Краіна ж — гэта людзі”.
Рэагуючы на гэтыя словы, прэзідэнт Гітанас Наўседа 22 ліпеня заклікаў зразумець і пастарацца ацаніць цвяроза сітуацыю Ціханоўскага, які “шмат гадоў правёў у цёмнай турме”.
Сініца з’яўляецца заснавальнікам і лідарам літоўскай нацыяналістычнай кансерватыўнай партыі “Нацыянальнае аб’яднанне”. Абраны ў Сейм па аднамандатнай акрузе і з’яўляецца адзіным дэпутатам ад згаданай партыі.
2 ліпеня Святлана і Сяргей Ціханоўскія падчас сустрэчы з Будрысам “падзякавалі Літве за прынцыповую пазіцыю краіны, якая спрыяла нядаўняму вызваленню палітвязняў і ўзмацненню палітычнага ціску Захаду на Беларусь”.

- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 7–8 жніўня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- ЭканомікаУ першай палове 2025 года продажы гарэлкі ў Беларусі павялічыліся на 4,9% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, ЭканомікаЛатушка: Мы працуем над тым, каб быў прыняты 15 пакет санкцый ЕС ў адносінах да рэжыму ЛукашэнкіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваДажджлівае надвор'е асабліва моцна адаб'ецца на бульбе — Белгідрамет (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаУ Беларусі працягваюць зніжацца продажы тавараў айчыннай вытворчасці (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка