Мінск 19:13

Лукашэнка запатрабаваў наладзіць вытворчасць розных відаў сельгастэхнікі, уключаючы робатаў для даення

8 жніўня, Позірк. Пытанне імпартазамяшчэння тавараў замежнай вытворчасці зноў узняў Аляксандр Лукашэнка 8 жніўня падчас інспекцыі ходу ўборачнай кампаніі ў Смалявіцкім раёне (Мінская вобласць).

Лукашэнка, як паведамляе яго прэс-служба, паставіў задачу “асвойваць айчынную вытворчасць розных відаў тэхнікі для сельскай гаспадаркі”.

Наведваючы прадпрыемства “Азярыцкі-Агра”, ён закрануў пытанне “лакалізацыі пры вытворчасці прэс-падборшчыкаў на айчынных прадпрыемствах”. Лакалізацыя, паводле яго слоў, цяпер складае каля 35–40%, але “асноўныя вузлы ўсё ж замежнай вытворчасці”.

Лукашэнка заявіў, што пры прызначэнні Віктара Каранкевіча віцэ-прэм’ерам, які адказвае за прамысловы сектар, ішла гаворка “аб неабходнасці вырабляць уласны, беларускі аўтаматычны прэс і робат для даення кароў, якія па характарыстыках павінны быць не горшыя за імпартныя”.

“Мы павінны сваё рабіць”, — сказаў ён, дадаўшы, што “падобная сітуацыя шмат гадоў таму складвалася на машынабудаўнічых прадпрыемствах краіны”, якім было загадана праводзіць імпартазамяшчэнне і “рабіць сваё” , у выніку цяпер у Беларусі “ёсць свой аўтамабіль”.

“Дакладна так і тут. Пяць-дзесяць гадоў таму вы камплектуючыя завозілі, сёння — лакалізацыя, замена замежнай беларускім. Рабіце!” — запатрабаваў Лукашэнка.

Палітык таксама заявіў пра неабходнасць“распрацаваць і вырабіць свой уласны робат для даення кароў”. “Абавязкова трэба ісці па шляху большай механізацыі ў сельскай гаспадарцы і іншых сферах, гэта дасць магчымасць не толькі павышаць эфектыўнасць, але і працаваць якасна пры скарачэнні працоўных рэсурсаў”, — падкрэсліў ён.

Гаворачы аб імпартазамяшчэнні, Лукашэнка таксама даручыў “знізіць кошт айчыннай плёнкі”, якая выкарыстоўваецца пры нарыхтоўцы кармоў прэс-падборшчыкамі і наступнай кансервацыі, каб “яе доля ў сабекошце работ па кансервацыі кармоў скарацілася з цяперашніх 60% да прыкладна 30–35%”.

Пытанне імпартазамяшчэння розных тавараў востра паўстала перад беларускімі ўладамі пасля ўвядзення санкцый.

У нумары часопіса “Фінансы. Улік. Аўдыт” ад снежня 2024 года паведамлялася, што ў дачыненні да Беларусі дзейнічае 1.499 сектаральных і персанальных санкцый. З той пары санкцый стала яшчэ больш.

Падзяліцца: