Мінск 16:40

Шэраг дзяржпрадпрыемстваў Гомельскай вобласці сказіў даныя пра пратэрмінаваную дэбіторскую запазычанасць — Генпракуратура

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

8 жніўня, Позірк. Сістэмныя недахопы “пры правядзенні пераддагаворнай, дагаворнай і прэтэнзійна-іскавай работ” выявілі органы пракуратуры Гомельскай вобласці, праверыўшы тое, як дзяржаўныя прадпрыемствы прадухіляюць і скарачаюць знешнюю пратэрмінаваную дэбіторскую запазычанасць.

Паводле інфармацыі прэс-службы Генпракуратуры, некаторыя прадпрыемствы не заўсёды належным чынам правяралі контрагентаў перад тым, як заключыць з імі дагаворы. У дагаворах прапісваліся ўмовы, якія не адпавядаюць інтарэсам беларускага суб’екта гаспадарання. Доўгі час “не рабіліся своечасовыя і дастатковыя захады па спагнанні запазычанасці ў судовым парадку”. У некаторых выпадках рашэнні судоў не выконваліся.

Некалькі дзяржпрадпрыемстваў, як сцвярджае пракуратура, “сказілі даныя дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці ў частцы адлюстравання памеру пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці”.

На адным з прадпрыемстваў пракуратура Рэчыцкага раёна знайшла парушэнні пры выкананні знешнеэканамічных кантрактаў. Адзначаецца, што замежным контрагентам неаднаразова беспадстаўна падаўжалі тэрміны аплаты пастаўленых тавараў, з-за чаго пратэрмінаваная запазычанасць перад беларускай арганізацыяй вырасла больш як на 23 млн рублёў.

У 2025 годзе органы пракуратуры Гомельскай вобласці праверылі восем суб’ектаў гаспадарання дзяржаўнага сектара эканомікі. Па выніках праверак “унесена шэсць прадстаўленняў; дзве службовыя асобы на патрабаванне пракурораў прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за скажэнне даных дзяржаўнай статыстычнай адказнасці ў частцы адлюстравання недакладнай сумы пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці”.

“Агулам у эканамічны суд Гомельскай вобласці пракурорамі раёнаў накіравана пяць іскавых заяў у інтарэсах суб’ектаў гаспадарання аб спагнанні з замежных контрагентаў запазычанасці ў памеры больш за 25 млн рублёў. На гэты момант судом задаволена два іскі, з адказчыкаў спагнана больш за 6,5 тыс. рублёў. Астатнія іскавыя заявы знаходзяцца на разглядзе”, — паведаміла Генпракуратура.

Праведзены раней “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта паказаў, што агульная дэбіторская запазычанасць (пазыкі прадпрыемству) на 1 чэрвеня вырасла да 94,3 млрд рублёў (73,4 млрд; +28,5%), у тым ліку пратэрмінаваная — 10,9 млрд (10,1 млрд; +7,9%). У студзені — траўні 2025 года 18,7% арганізацый у Беларусі без уліку суб’ектаў малога бізнесу былі стратныя.

3 кастрычніка 2023 года на нарадзе па продажах айчыннай прадукцыі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для беларускай эканомікі “пытаннем пытанняў” з’яўляецца дэбіторская запазычанасць. “Па “дэбіторцы”, я сказаў, ніякіх спасылак [не павінна быць] на тое, што недзе плацяжы не ідуць, яшчэ нешта”, — сказаў ён.

22 ліпеня 2024 года на нарадзе па пытаннях развіцця прамысловасці ён папярэдзіў дырэктараў пра наступствы іх няздольнасці дамагчыся вяртання таго, што ім вінныя: “Гэта турма”. “Таму што пры такім раскладзе вы просіце яшчэ і танныя крэдыты пад “абаротку” і рэструктурызацыю даўгоў. Гэта значыць зноў спадзяецеся, што дзяржава з уласнай кішэні вам нешта дасць, і на іншыя льготы і прэферэнцыі [таксама спадзяецеся]. Чарговы раз паўтараю: павінна быць жорсткая дысцыпліна разлікаў”, — сказаў спікер.

На прэс-канферэнцыі летась 25 верасня Аляксандр Агароднікаў, які займаў тады пасаду першага намесніка міністра прамысловасці, заявіў, што дэбіторская запазычанасць “будзе заўсёды”. Наяўнасць належных прадпрыемствам даўгоў, паводле яго слоў, азначае, што яны працуюць і адгружаюць прадукцыю. “Дрэнна тое, што пакупнік з розных прычын не можа своечасова разлічыцца — так з’яўляецца пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць, якая складае невялікі працэнт ад агульнага аб’ёму”, — адзначыў чыноўнік.

Падзяліцца: