Мінск 15:05

Па выніках паўторнай праверкі сеткі “Санта” МАРГ выявіў парушэнні ў 90% абследаваных крам

Ілюстрацыйнае фота: ganc-chas.com

8 жніўня, Позірк. У 90% гандлёвых аб’ектаў сеткі “Санта”, што трапілі пад маніторынг Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, выяўленыя парушэнні заканадаўства.

Паводле інфармацыі ведамства, маніторынг быў праведзены ў рамках праекта “Народны кантроль”, з дапамогай якога МАРГ збірае думкі наконт працы гандлёвых аб’ектаў па ўсёй краіне.

Адзначаецца, што спажыўцы падзяліліся меркаваннем пра стан 2,2 тыс. гандлёвых аб’ектаў па ўсёй краіне (у тым ліку пра “Санта” — 89,3%, “Еўраопт/Хіт/Грошык” — 4,4%, “Дабраном/Маяк/Капеечка” — 3,4%).

“Пры гэтым актыўнасць тых, хто прагаласаваў, у дачыненні да сеткі “Санта” проста “выбухнула” менавіта ў апошнія дні. Пераважная большасць тых, хто аддаў голас, выказаліся пра практычна бездакорную працу гэтай сеткі. З улікам зваротаў “незадаволеных” грамадзян МАРГ паглядзеў, ці ўсё так добра на самой справе”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле сцвярджэння ведамства, у кожным трэцім абследаваным гандлёвым аб’екце прадаваліся тавары са скончаным тэрмінам прыдатнасці, у асобных — выяўлены “нездавальняльны стан уваходнай групы”, не створаныя “адпаведныя ўмовы для часовага размяшчэння рэчаў пакупнікамі” ды інш.

“Суб’екту выдадзеныя рэкамендацыі па выпраўленні выяўленых парушэнняў, вынесеныя прадпісанні пра забарону рэалізацыі тавараў. Юрыдычная асоба будзе прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці”, — заявіла міністэрства.

Акрамя таго, “у мэтах недапушчэння “штучнага” скажэння вынікаў “Народнага кантролю”, як адзначыў МАРГ, вырашана выключыць сетку “Санта” з “канчатковых вынікаў”. Адметна, што на момант напісання матэрыялу за гэтую гандлёвую сетку па-ранейшаму можна было прагаласаваць.

Варта адзначыць, што падчас выбарачнай праверкі сеткі “Санта” сёлета ў траўні МАРГ выявіў парушэнні ў 76% абследаваных аб’ектаў. У кожнай трэцяй краме прадаваліся пратэрмінаваныя тавары.

Кантралёры наведалі 34 гандлёвыя аб’екты ў 18 населеных пунктах.

У апошнія месяцы МАРГ актыўна паведамляе пра праверачныя мерапрыемствы ў рознічных сетках і выяўленыя парушэнні.

У прыватнасці, 20 лютага ведамства паказала на парушэнні ў 96% гандлёвых аб’ектаў рознічнай сеткі “Капеечка”.

У траўні МАРГ паведамляў, што ва ўсіх аб’ектах ТАА “Тытунь-Інвест” (сетка крам “Карона”, загарадны клуб “Робінсан”), якія трапілі пад выбарачную праверку, дапускаліся парушэнні заканадаўства.

4 красавіка паведамлялася, што ва ўсіх правераных крамах рознічнай сеткі “7 пятніц” (належыць ТАА “Юністар Груп”) выяўленыя парушэнні заканадаўства аб гандлі і абароне правоў спажыўцоў.

10 сакавіка МАРГ паведаміў, што парушэнні правілаў гандлю зноўдзеныя амаль у кожнай трэцяй праверанай краме сеткі “Табакерка”, якая належыць СЗАТ “ЭНЕРГА-ОІЛ”.

28 лютага міністэрства інфармавала пра парушэнні правілаў гандлю, знойдзеныя ва ўсіх правераных магазінах сеткі “Хіт!”, якая належыць ТАА “Еўрагандаль”.

У 88% гандлёвых аб’ектаў “Маяк” (ЗАТ “Дабраном”) таксама былі выяўленыя парушэнні заканадаўства. У 47% правераных аб’ектаў рэалізаваліся тавары са скончаным тэрмінам прыдатнасці ад 1 да 15 дзён: мясная прадукцыя, паўфабрыкаты з мяса птушкі, сыр, печыва, гародніна.

Падзяліцца: