Мінск 21:29

У Беларусі зробленыя ўсе крокі, каб “не нерваваць” суседзяў вучэннямі “Захад-2025”, сцвярджае Вальфовіч

Архіўнае відэа: тэлеканал "Беларусь 1" / стоп-кадр: "Позірк"

7 жніўня, Позірк. У Беларусі зробленыя ўсе крокі, каб “не нерваваць” суседнія краіны запланаванымі на верасень сумеснымі з Расіяй вучэннямі “Захад-2025”, заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч 7 жніўня па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях дзейнасці Камітэта дзяржбяспекі.

Чыноўнік заявіў, што месцы правядзення вучэнняў “адведзеныя ўглыб тэрыторыі”. “Тым не менш у адказ мы бачым зусім іншыя — недружалюбныя — крокі”, — цытуюць Вальфовіча дзяржаўныя СМІ.

Пры гэтым, сцвярджае ён, Беларусь “не раз заклікала” суседзяў да “аднаўлення сяброўскага і канструктыўнага дыялогу”, напрыклад, па лініі органаў памежнай службы. “Мы бачым, што, на жаль, адказу і жадання аднавіць канструктыўны дыялог ад нашых суседзяў не паступае”, — сказаў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Разважаючы на тэму працы КДБ, Вальфовіч заявіў, што гэтае ведамства “сёння эфектыўна дае рады з нейтралізацыяй тых выклікаў і пагроз, якія знаходзяцца ў сферы гарантавання нацыянальнай бяспекі”.

“Нягледзячы на ваенна-палітычную абстаноўку, якая інтэнсіўна развіваецца, і што складаецца вакол нашай краіны”, — падкрэсліў ён, адзначыўшы “агрэсіўную рыторыку” з боку Польшчы і краін Балтыі.

“У гэтых найскладанейшых умовах сёння рэалізуе задачы ў тым ліку Камітэт дзяржбяспекі і іншыя структуры сілавога блока”, — сцвярджае дзяржсакратар Савета бяспекі.

Паводле слоў Вальфовіча, КДБ “вывучае формы і спосабы вядзення не толькі спецыяльнай ваеннай аперацыі (так беларускія чыноўнікі, услед за расійскімі, называюць вайну РФ супраць Украіны. — “Позірк”.) і тое, што адбываецца побач” з Беларуссю, “але і формы, метады, спосабы працы аналагічных спецслужбаў па ўсім свеце”. “І ўкараняе іх у сваю практыку”, — дадаў ён.

На згаданай нарадзе Лукашэнка ў чарговы раз вярнуўся да падзей пяцігадовай даўніны, заявіўшы, што “2020 год — гэта ўрокі, урокі і яшчэ раз урокі”.

Міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў 28 траўня пра “зніжэнне параметраў” вучэнняў “Захад-2025” і перанос манеўраў ад межаў углыб Беларусі (1 ліпеня Лукашэнка заявіў, што вучэнні перанесеныя, каб “знізіць градус напружанасці ў рэгіёне”).

Месяцам пазней, 23 чэрвеня, начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка паведаміў, што “напалову зменшаны склад войскаў, якія бяруць удзел у вучэннях”. У той жа час, паводле яго слоў, Мінск можа перамясціць “асобныя падраздзяленні” да заходніх межаў, каб “адпрацаваць эпізоды выключна абарончага характару”.

6 жніўня Міністэрства абароны паведаміла, што ў Беларусь прыбыў першы эшалон з вайскоўцамі РФ і тэхнікай “для падрыхтоўкі і далейшага ўдзелу ў сумесным стратэгічным вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі “Захад-2025”.

24 лютага 2022 года расійскае ваеннае ўварванне ва Украіну часткова ажыццяўлялася з тэрыторыі Беларусі пасля заканчэння сумесных вайсковых вучэнняў.

Падзяліцца: