Грамадзянская супольнасць Беларусі “працягвае супраціўляцца з надзвычайнай трываласцю і крэатыўнасцю” — Article 19

7 жніўня, Позірк. Нягледзячы на “усё большую атмасферу страху”, беларуская грамадзянская супольнасць “не знікла, а рэарганізавалася”, “адаптавалася да неверагодна варожых абставін і працягвае супраціўляцца з надзвычайнай трываласцю і крэатыўнасцю”, гаворыцца ў заяве праваабарончай арганізацыі Article 19, прымеркаванай да 5-й гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Адзначаецца, што “як у выгнанні, так і ўнутры краіны, беларусы знаходзяць новыя спосабы падтрымліваць адзін аднаго, выкрываць парушэнні правоў чалавека і падтрымліваць дух супраціву, ці гэта прамая штодзённая ўзаемадапамога, трэнінгі па лічбавай бяспецы, праваабарончая дзейнасць на міжнародным узроўні альбо дакументаванне злачынстваў рэжыму, каб сітуацыя ў Беларусі заставалася ў цэнтры ўвагі сусветнай грамадскасці”.
У заяве гаворыцца, што за пяць гадоў з моманту фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі “краіна стала яркім сімвалам таго, як аўтарытарны рэжым, які доўгі час абапіраўся на рэпрэсіўныя захады, можа яшчэ больш узмацніць жорсткасць сваёй улады”.
“Эскалацыя рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці прыняла форму бязлітаснага сачэння, судовых пераследаў, фізічнага гвалту і крыміналізацыі любой формы іншадумства, уключаючы нават такую дробязь, як “лайк” пад публікацыяй у сацыяльных сетках, — канстатавалі праваабаронцы. — Пры рэжыме Лукашэнкі нават самая аддаленая ці невідавочная сувязь з праваабарончай дзейнасцю — ці проста з тым, што ўлады называюць “экстрэмізмам”, — можа завесці чалавека ў папраўчую калонію”.
Article 19 прывяла вытрымку са свайго апошняга сумеснага з праваабарончай арганізацыяй Human Constanta аналізу: “Фактычныя ўлады Беларусі ўсё часцей выкарыстоўваюць празмеру шырокія і расплывістыя законы аб “экстрэмізме” для пераследу ўсіх форм іншадумства — нават прамінулым часам, ператвараючы учорашняе законнае дзеянне ў сённяшняе злачынства, што яшчэ больш пагаршае ўсёпранікальную атмасферу страху і сачэння”.
“Беларускія суды неаднаразова выносілі суровыя выракі за такія дзеянні, як анлайн-ахвяраванні, публікацыя каментарыяў або адміністраванне анлайн-платформ, — гаворыцца ў заяве. — Пасля пратэстаў 2020–2021 гадоў было распачата не менш як 22.500 крымінальных спраў паводле прыкмет “экстрэмізму”.
Палітвязні ў Беларусі, канстатавала арганізацыя, “працягваюць зазнаваць катаванні і бесчалавечнае абыходжанне, якое зневажае годнасць”. “Мы не спынімся патрабаваць іх безагаворачнага вызвалення, — падкрэслілі аўтары дакумента. — Важна, каб мы не страчвалі рашучасці абараняць правы тых, хто плаціць высокую цану за свае выступленні ў падтрымку дэмакратычных перамен у Беларусі”.
“Нечаканае вызваленне Сяргея Ціханоўскага — аднаго з ключавых беларускіх актывістаў і мужа лідара апазіцыі Святланы Ціханоўскай — разам з 13 іншымі вязнямі яскрава паказвае, што ціск працуе, і вельмі важна захоўваць настойлівасць”, — лічаць у Article 19.
На думку праваабаронцаў, “на фоне ўзмацнення рэпрэсій супраць пратэстоўцаў, росту ўплыву ультраправых і ўзмацнення цэнзуры па ўсёй Еўропе” досвед беларускай грамадзянскай супольнасці “падносіць каштоўныя ўрокі ўстойлівасці”. “Ён паказвае, што рухі здольныя вытрымліваць наймацнейшы ціск і працягваць змагацца з прыгнётам”, — гаворыцца ў заяве.
У арганізацыі заявілі, што выказваюць “непахісную салідарнасць з беларусамі, якія зацята змагаюцца з дыктатурай”, і заклікалі міжнародную супольнасць “прыняць рашучыя меры, каб прымусіць мінскі рэжым паважаць правы чалавека, выконваць свае міжнародныя абавязацельствы, вызваліць усіх палітычных вязняў і пакласці канец судоваму пераследу іншадумцаў”.
Article 19 — заснаваная ў 1987 годзе брытанская праваабарончая арганізацыя, дзейнасць якой скіраваная на абарону і садзейнічанне свабодзе выказвання меркаванняў і свабодзе інфармацыі. Арганізацыя атрымала сваю назву ў гонар 19-га артыкула Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, які абвяшчае: “Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на свабоднае выказванне іх; гэтае права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў”.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- ГрамадстваУ Рэспубліканскім афтальмалагічным цэнтры ў 2024 годзе прааперавана 900 замежнікаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаВызвалены пасля кароткачасовага арышту ў Грузіі беларус атрымаў дакумент, які легалізуе яго там да жніўня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ПалітыкаАПК прапануе замацаваць гарантыі патрымкі беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне на будучынюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка