Мінск 21:23

Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненні да чарговага прадаўца ўгнаенняў ААТ “Гродна Азот”

На вытворчасці ўгнаенняў
Архіўнае відэа: "Гродна Азот" / стоп-кадр: "Позірк"

7 жніўня, Позірк. Беларускае прадпрыемства “ГрандГраніт” дададзенае ў санкцыйны спіс Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі (МУСіА) Польшчы на запыт кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі (НПА).

Згодна з апублікаваным 7 жніўня паведамленнем на сайце НПА, гэтае прадпрыемства ўдзельнічала ў абыходзе санкцый, накладзеных на беларускага вытворцу ўгнаенняў “Гродна Азот”.

Ведамства высветліла, што ў студзені 2025 года ў ТАА “ГрандГраніт” змяніліся правы ўласнасці, адрас і від дзейнасці. Новым уладальнікам стала асоба, звязаная з ТАА “Тэхнаспецтрэйдзінг” і ТАА “Тэхнаспецтрэйдзінгэкспарт”, што былі ўнесеныя ў санкцыйны спіс МУСіА 18 снежня 2024 года.

Паведамляецца, што з сакавіка 2025 года ТАА “ГрандГраніт” арандуе невялікі склад непадалёк ад Мінска “без якіх-небудзь знешніх прамысловых збудаванняў (трубаправодаў, знешніх рэзервуараў)”. Кампанія валодала абсталяваннем для прыгатавання вадкіх комплексных угнаенняў для сельскагаспадарчага выкарыстання.

“Пры гэтым ТАА “ГрандГраніт” пазначыла, што вытворчасць угнаенняў ажыццяўлялася на заводзе “Гродна Азот”, і выкарыстоўвала яго інфраструктуру. Тавар адгружаўся з Гродна, а ТАА “ГрандГраніт” мела дзелавыя кантакты з “Гродна Азот”, што сведчыць пра тое, што фактычным вытворцам гэтага тавара з’яўлялася “Гродна Азот”, — лічаць у Варшаве.

Адзначаецца, што гэта ўжо сёмы суб’ект гандлю ўгнаеннямі беларускага вытворцы “Гродна Азот”, які МУСіА на прапанову НПА ўнесла ў нацыянальны санкцыйны спіс.

Уключэнне ў гэты спіс азначае, што да фізічнай або юрыдычнай асобы прымяняюцца такія абмежавальныя меры (усе ці некаторыя), як “замарозка фінансавых сродкаў і эканамічных рэсурсаў”, “забарона на наданне фігуранту пераліку або таму, хто дзейнічае ад яго імя, — наўпрост ці ўскосна — якіх-небудзь фінансавых сродкаў або эканамічных рэсурсаў”, “забарона на свядомы і наўмысны ўдзел у дзеяннях, мэтай або вынікам якіх з’яўляецца абыход” санкцый, “выключэнне з працэдуры дзяржаўных закупак або конкурсу”, “унясенне ў рэестр замежнікаў, знаходжанне якіх на тэрыторыі Польшчы непажаданае”.

На сайце ТАА “ГрандГраніт” пазначана, што з сёлетняга траўня прадпрыемства само з’яўляецца вытворцам азотных угнаенняў. Офіс знаходзіцца ў Мінску, вытворчы цэх — у Фаніпалі (Дзяржынскі раён Мінскай вобласці). 8 траўня кампанія паведамляла, што “ў рамках афіцыйнага візіту, узгодненага з упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі”, вытворчае прадпрыемства “наведаў ганаровы госць: Кшыштаф Талвіньскі, старшыня парламенцкай партыі “Фронт” Рэспублікі Польшча і член Саюза аграрыяў Польшчы”.

Талвіньскі з’яўляецца прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

22 ліпеня Варшава ўвяла санкцыі ў дачыненні да кіроўнай кампаніі холдынгу “Беларуская цэментная кампанія”.

9 ліпеня стала вядома, што Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненні да беларускага бізнесмена Аляксандра Машэнскага.

Некалькімі днямі пазней зарэгістраваная ў Казахстане кампанія QARTREE LLP, за якой стаіць Беларусь, была таксама ўнесеная ў санкцыйны спіс за экспарт расійскай і беларускай фанеры.

Падзяліцца: