Мінск 21:27

Амаль 20% злачынстваў падлеткі здзяйсняюць у інтэрнэце — МУС

7 жніўня, Позірк. Амаль 20% злачынстваў падлеткі здзейснілі ў інтэрнэце, заявіў 7 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела па арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Раман Бардзееў.

Ён не ўдакладніў, да якога перыяду 2025 года адносіцца прадстаўленая статыстыка, але, верагодна, гаворка ішла аб студзені — ліпені. Канкрэтныя лічбы былі названыя пасля прэс-канферэнцыі — 96 з 516 (18,6%).

Паводле слоў Бардзеева, за сем месяцаў мінулага года такіх злачынстваў было 25%.

Да кіберзлачынстваў прадстаўнік МУС прылічыў крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі, загадзя ілжывыя паведамленні аб небяспецы, махлярства з дапамогай інтэрнэту, незаконны абарот сродкаў плацяжу, званкі ў адміністрацыі дзяржустаноў або буйных гандлёвых цэнтраў.

Спікер падкрэсліў, што дзіцячая злачыннасць “перацякае з вуліцы ў інтэрнэт”.

Таксама на прэс-канферэнцыі было паведамлена, што за першае паўгоддзе 2025-га супрацоўнікамі МУС спынена дзейнасць “больш за 25 інтэрнэт-крам, якія займаліся збытам наркотыкаў, абмежаваны доступ да больш чым 77 сайтаў, на якіх размяшчалася рэклама наркамаркетаў”.

23 ліпеня Бардзееў паведаміў, што незаконны абарот наркотыкаў займае першае месца ў структуры ўчыненых падлеткамі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у першым паўгоддзі 2025 года (22,7%).

Практычна ўсе злачынствы гэтага віду здзяйсняюцца з выкарыстаннем інтэрнэту, падкрэсліў прадстаўнік МУС. Навучэнцы школ і гімназій здзейснілі 17 такіх злачынстваў, ліцэяў і каледжаў — 16, студэнты ВНУ — 1, тыя, хто не навучаецца і не працуе, — 6.

У месцах пазбаўлення волі за здзяйсненне нарказлачынстваў знаходзіцца 286 асоб, якія да асуджэння з’яўляліся навучэнцамі ўстаноў адукацыі, падкрэсліў Бардзееў.

Паводле звестак Вярхоўнага суда, у 2024 годзе ў Беларусі былі асуджаныя 593 непаўналетнія, у 2023-м — 692, 2022-м — 927.

За незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту было асуджана 68 непаўналетніх (у 2023-м — 61). 96 непаўналетніх было асуджана за злачынствы супраць уласнасці: за крадзеж (арт. 205) — 52, махлярства (арт. 209) — 17, крадзеж транспартнага сродку або маламернага воднага судна (арт. 214) — 10, крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі (арт. 212) — 9, рабаванне (арт. 206) і наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці (арт. 218) — па 3, вымагальніцтва (арт. 208) — 2.

За злачынствы супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, у прыватнасці, за незаконны абарот сродкаў плацяжу і (або) інструментаў (арт. 222), асуджана трое непаўналетніх.

Падзяліцца: