Мінск 21:25

Ціханоўская пра прапагандысцкі фільм АНТ: Я ніколі не прасіла ў рэжыму грошай і не прасіла вывезці мяне з Беларусі

Відэа: "Обычное утро" Стоп-кадр: “Позірк”

7 жніўня, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 7 жніўня ў эфіры ютуб-канала “Обычное утро” пракаментавала паказаны напярэдадні на дзяржканале АНТ прапагандысцкі фільм “Праўда супраць хлусні”.

Сярод іншага ў ім паведамляліся “сенсацыйныя” падрабязнасці ад’езду палітыка з Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Сцвярджалася, што “адзіным жаданнем” Ціханоўскай у тыя дні было “пабачыцца са сваімі дзецьмі, якія на той момант знаходзіліся за мяжой”. З гэтай мэтай, як заяўлялася, яна папрасіла ўлады вывезці яе за мяжу і даць грошай.

“Я ніколі не прасіла ніякіх грошай, я не прасіла мяне нікуды вывозіць”, — заявіла экс-кандыдат у прэзідэнты.

Паводле слоў дэмлідара, пасля таго як 10 жніўня 2020 года з Цэнтральнай выбарчай камісіі яе адвезлі дадому, яе здымалі схаванай камерай, а некаторыя сказаныя фразы аўтарамі фільма вырваныя з кантэксту.

Ціханоўская сцвярджае, што ў відэа, паказаным АНТ, не ўвайшлі моманты, калі сілавікі аказвалі на яе ціск і пагражалі. У прыватнасці, яны заяўлялі, што “не ведаюць, што здарыцца з ёй”, калі палітык не пакіне краіну. Таксама прадстаўнікі сілавых структур пагражалі выкрасці яе дзяцей у Літве, дзе яны на той момант знаходзіліся.

Пра свой ад’езд Ціханоўская сказала: “Ну, вядома, гэта чалавечае рашэнне. Я з’ехала з Беларусі са сваімі перакананнямі. <…> Але мая ўнутраная мама перамагла ў той момант Святлану — пачаткоўца-палітыка. Гэта мая адказнасць была”.

Яна падкрэсліла, што не хоча “рабіць кагосьці вінаватым”, але ёй, на той момант чалавеку без палітычнага досведу, “не патлумачылі, не распавялі, як можна процідзейнічаць, як можна з імі размаўляць, як яны будуць пагражаць, і як можна рэагаваць на гэта”. “То-бок <…> чалавек, які сустракаецца з кадэбэшнікамі першы раз. І табе вывальваюць гэтую інфармацыю — і пра пагрозы, і пра сакральную ахвяру. І муж, і дзеці. <…> Больш дасведчаныя людзі <…> маглі нейкім чынам правесці са мной гутарку і растлумачыць, што рабілі з мінулымі кандыдатамі, праз што кандыдаты праходзілі”, — сказала Ціханоўская.

Разам з тым яна падкрэсліла, што нясе сама адказнасць за свае ўчынкі: “Упісалася і працуй, што я і раблю дагэтуль: вучуся на сваіх жа памылках”.

Гаворачы пра паказаную у фільме перадачу грошай начальнікам Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) Андрэем Паўлючэнкам, палітык паведаміла, што некалькі разоў спрабавала адмовіцца ад канверта, аднак гэта не атрымалася.

Паводле слоў Ціханоўскай, гэты канверт яна ўпершыню адкрыла 6 жніўня 2025 года пасля выхаду прапагандысцкага сюжэту на АНТ. “Я вам клянуся, учора першы раз я іх дастала, каб зрабіць фатаграфію, і пералічыла. Злепленыя такія. Там 15 тысяч еўра, у купюрах па 200 еўра”, — удакладніла дэмлідар.

Пры гэтым у фільме паказаны момант, калі Паўлючэнка ў кватэры Ціханоўскай перадаў ёй канверт са словамі: “Святлана, схавайце грошы. Зараз прыедзе Маша (Марыя Мароз — на той момант кіраўніца штаба Ціханоўскай, выехала ў Вільнюс разам з ёй. — “Позірк”.), будзе непрыгожа. Добра?“. Пасля гэтага палітык паклала канверт пад ручнік на стале.

Таксама на відэа Ціханоўская кажа Мароз: “Адна я нясу за гэта адказнасць. Ні Сяргей пра гэта не ведае, ні ты. То-бок я аднаасобна прыняла гэтае рашэнне і ўся адказнасць ляжыць на мне. То-бок калі нешта будзе адбывацца, то гэта на мне”.

Адказваючы на пытанне, што азначала гэтая яе фраза, дэмлідар сказала: “Гэта момант, калі яны прывезлі Машу. І я Машы тлумачу, што вось, я пагадзілася з’ехаць з краіны, і гэта маё рашэнне, уся адказнасць на мне. Я ёй тлумачыла, што адбываецца”.

Ціханоўская таксама паведаміла, што Паўлючэнка прапаноўваў патэлефанаваць Аляксандру Лукашэнку, але яна адмовілася, аргументуючы, што ёй з ім “няма пра што размаўляць”.

Таксама ў згаданым сюжэце ў чарговы раз прагучалі абвінавачванні ў адрас кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі ў тым, што ў жніўні 2020 года ён прапаноўваў “падпаліць перадвыбарчы штаб беларускай апазіцыі” і зрабіць Ціханоўскую і іншых “сакральнымі ахвярамі”.

Раней Латушку ў гэтым абвінавачваў Лукашэнка. “Паталагічны хлус перасягнуў сам сябе. <…> Страх не адпускае дыктатара дагэтуль. Хоць мне ўяўляецца, тут не каментар гэтаму маналогу дыктатара варта даваць, а дыягназ ставіць трэба”, — адрэагаваў Латушка на гэтыя абвінавачванні.

Пра абставіны ад’езду з Беларусі Ціханоўская неаднаразова распавядала СМІ, пакідаючы без каментароў інфармацыю аб атрыманні ёй ад улады буйной сумы грошай. Палітык абяцала паведаміць пра гэта пазней.

Ціханоўская пакінула Беларусь 11 жніўня 2020 года. Напярэдадні яна прыйшла ў Цэнтрвыбаркам з прадстаўнікамі сваёй каманды Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам (абодва цяпер з’яўляюцца палітвязнямі, асуджаныя на працяглыя тэрміны пазбаўлення волі), каб падаць заяву аб фальсіфікацыях на выбарах.

У ЦВК палітыка сустрэлі высокапастаўленыя супрацоўнікі КДБ, якія правялі з ёй працяглую гутарку ў кабінеце тагачаснай старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Раней Ціханоўская паведамляла, што сілавікі пагражалі ёй, шантажавалі дзецьмі і ў выніку вымусілі пакінуць Беларусь.

9 кастрычніка 2020-га, каментуючы эміграцыю Ціханоўскай, Лукашэнка заявіў, што ўдзельнікі пратэстаў планавалі расправіцца з ёй, прынёсшы “сакральную ахвяру”, але ўлады яе “выратавалі”. Пасля гэтага, паводле яго сцвярджэння, Ціханоўскую пад аховай вывезлі ў Літву, даўшы з сабой 15 тыс. долараў.

Фальсіфікацыя прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе прывяла да шматтысячных пратэстаў па ўсёй Беларусі, якія працягваліся некалькі месяцаў. Распачатыя ўладамі ў той перыяд масавыя палітычныя рэпрэсіі працягваюцца дагэтуль.

Падзяліцца: