Мінск 23:53

Вызвалены пасля кароткачасовага арышту ў Грузіі беларус атрымаў дакумент, які легалізуе яго там на год

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 7 жніўня 2025 года ў 21:36

Фота: unsplash.com

7 жніўня, Позірк. Грамадзянін Беларусі, арыштаваны, а затым вызвалены ў Грузіі, атрымаў 7 жніўня часовы дакумент, які легалізуе яго далейшае знаходжанне ў краіне. Пра гэта мужчына паведаміў “Позірку”.

Раней паведамлялася пра яго затрыманне ў Дэпартаменце міграцыі МУС Грузіі, куды беларус прыйшоў падаць заяву на атрыманне прытулку, ён быў арыштаваны на тры месяцы.

18 ліпеня Тбіліскі гарадскі суд вызваліў мужчыну.

Міхаіл (імя змененае з меркаванняў бяспекі) пераехаў у Грузію ў 2016 годзе і з тых часоў, паводле яго слоў, на радзіме не быў ні разу.

“У Беларусі я вучыўся ў Мінскім духоўным вучылішчы і семінарыі, працаваў у царкве, — паведаміў ён “Позірку”. — У Грузіі першыя пяць гадоў жыў у Батумі, апошнія чатыры — у Тбілісі. Працую цяпер шэф-кухарам”.

“Пасля выбараў 2020 года і рэпрэсій, якія пачаліся, удзельнічаў у акцыях салідарнасці з беларусамі. Вёў актыўнасць у сваіх сацыяльных сетках, каб у першую чаргу паказаць мясцовым сябрам, што адбываецца ў Беларусі”, — адзначыў Міхаіл.

У кастрычніку 2020 года ў яго заканчваўся тэрмін дзеяння пашпарта, таму паўстала пытанне аб легалізацыі: “Я хацеў дачакацца вынікаў выбараў і паехаць замяніць пашпарт у Беларусь, а таксама наведаць родных, бо мы доўгі час не бачыліся. Аднак пасля выбараў стала зразумела, што ехаць у Беларусь небяспечна”.

Недзе праз тры месяцы на сувязь з мужчынам выйшаў беларускі следчы. “Ён пытаўся, навошта я публікую “фэйкавыя” навіны датычна Беларусі і падзей, якія там адбываюцца, [казаў] што ўсё гэта праплачана Амерыкай або Еўропай, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне”, — сказаў суразмоўца.

Паводле слоў Міхаіла, следчы даў зразумець, што ў выпадку невяртання ў Беларусь “складанасці” ўзнікнуць у яго бацькоў.

“Тады я зразумеў, што ў Беларусь мне дакладна небяспечна вяртацца, — сказаў ён. — Пасля выбараў я звяртаўся ў амбасаду, але ў выніку яны казалі, што не памяняюць мне пашпарт і толькі могуць даць дакумент на вяртанне ў Беларусь”.

Цяпер мужчына прызнае, што было памылкай і пашпарт не памяняць, і па прытулак не звярнуцца: “Як многія беларусы, я думаў, што сітуацыя зменіцца: будзе падтрымка з боку Еўрапейскага саюза, сусветнай супольнасці, і ўсё стабілізуецца. Але, на жаль, нічога гэтага не адбылося. Потым у мяне быў толькі варыянт вярнуцца ў Беларусь, але па зразумелых прычынах я не мог гэтага зрабіць, таму давялося заставацца ў Грузіі нелегальна”.

Нелегальны статус, паводле яго слоў, не перашкаджаў прадаўжаць працу і будаваць кар’еру, таму “паход у Дэпартамент міграцыі ўвесь час адкладаўся”.

“У гэтым годзе я зразумеў, што прайшло занадта шмат часу, і трэба вырашаць гэтую праблему, бо палітычная сітуацыя ў Грузіі ўскладняецца з кожным годам, — падзяліўся Міхаіл. — Так, я ведаў, што беларусам не даюць у Грузіі прытулак ,але гэта (працэдура разгляду адпаведнага запыту. — “Позірк”.) дае легальны статус знаходжання ў краіне”.

Ён адзначыў, што ў Дэпартаменце міграцыі заяву на атрыманне міжнароднай абароны прынялі, але паведамілі, што запыт апрацаваць “не паспеюць”. Пры гэтым, дадаў суразмоўца, да канца працоўнага дня заставалася яшчэ паўтары гадзіны.

“Я абмяркоўваў з праваабаронцам [Раманам Кісляком], колькі звычайна займае апрацоўка заявы, і ён сказаў, што ў сярэднім каля гадзіны на аднаго чалавека. Але мне сказалі: “Сёння мы не паспеем апрацаваць вашу заяву, таму прыходзьце заўтра — тады ўсё аформім”. Мне вярнулі пашпарт і заяву. Як толькі я выйшаў з памяшкання, мяне адразу затрымалі”, — сказаў Міхаіл.

Да суда беларуса ўтрымлівалі цэнтры ізаляцыі для мігрантаў, дзе, паводле яго слоў, камеры “з розным камфортам”. “Я быў у самым “мінімальным”, — удакладніў мужчына. — Гэта камера на 12 чалавек, шэсць двух’ярусных ложкаў. У камеры даволі дрэнна пахла, плюс пастаянна хтосьці паліў, ад чаго за 10 хвілін знаходжання там ты літаральна пачынаеш пахнуць, як попельніца. Ёсць два вокны з фортачкай у шырыню 15 сантыметраў, але гэта не вельмі дапамагае. У нас не было нават гадзіннікаў, каб разумець, колькі часу. Ты знаходзішся ў камеры і не ведаеш, чым сябе заняць, што адбіваецца псіхалагічна на чалавеку. Некаторыя пачыналі праз тыдзень проста размаўляць [падчас прагулак] з коткамі, якія заходзілі на тэрыторыю”.

На думку Міхаіла, яму пашанцавала з адвакатамі, якіх знайшлі яго дзяўчына і праваабаронца Кісляк. “Адвакаты сабралі доказы, што я падаў заяву на прадастаўленне прытулку, і мне адмовілі, што з’яўляецца незаконным, што я не збіраюся хавацца ў Грузіі. Мне напісалі рэкамендацыйныя лісты з працы, мы прапанавалі аплаціць заклад. І суддзя прыняў рашэнне аб альтэрнатыўнай меры стрымання”, — сказаў мужчына.

Паводле слоў Міхаіла, на кожным інтэрв’ю супрацоўнікі міграцыйнай службы пыталіся, ці хоча ён, каб дэпартамент звязаўся з амбасадай Беларусі. “Я адмаўляўся і казаў, каб яны не падавалі ім інфармацыю. У мяне стаяла забарона на выезд з Беларусі. Я звязаўся з бацькамі, каб яны паспрабавалі атрымаць дакумент, які гэта пацвярджае. Яны патэлефанавалі ў міліцыю ці пашпартны стол, дзе ім сказалі, што я затрыманы ў Грузіі, хоць мяне ўжо выпусцілі да гэтага моманту”, — адзначыў беларус.

Цяпер Міхаілу выдалі ID-карту, якая будзе дзейнічаць да жніўня 2026 года. Дакумент не здымае меру стрымання, але, паводле слоў мужчыны, з’яўляецца “пэўным глытком паветра”.

“Я магу афіцыйна працаваць, нават магу ажаніцца ў Грузіі, атрымліваць медыцынскую дапамогу”, — рэзюмаваў Міхаіл.

Раней, каментуючы вызваленне беларуса, Кісляк паведаміў “Позірку”, што судовым рашэннем арышт заменены неабходнасцю адзначацца ў Дэпартаменце міграцыі МУС два разы на тыдзень. “У той жа час той бок мае права абскардзіць рашэнне суда”, — сказаў праваабаронца.

Грузінскія ўлады адхіляюць усе заявы беларусаў аб прадастаўленні прытулку. Кіроўная партыя “Грузінская мара” прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі пайшла на канфрантацыю з Еўрасаюзам і ЗША, прызнае рэжым Лукашэнкі. Абраны аднапартыйным (апазіцыя адмовілася ўвайсці) парламентам прэзідэнт Міхаіл Кавелашвілі павіншаваў таго з “пераабраннем”. Метады барацьбы з апазіцыяй усё больш нагадваюць беларускія.

У Грузіі цяпер пражывае каля 12 тыс. беларусаў, якія эмігравалі з-за пагрозы рэпрэсій. Іх колькасць паступова памяншаецца.

Падзяліцца: