Мінск 10:57

Лукашэнка прапанаваў Кот-д’Івуару “паспяховы досвед” рэалізацыі Беларуссю праектаў у Афрыцы

7 жніўня, Позірк. Беларусь і Кот-д’Івуар маюць “вялікі патэнцыял для пашырэння ўзаемадзеяння”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 7 жніўня прэзідэнта гэтай афрыканскай дзяржавы Аласана Драмана Уатару з Днём незалежнасці.

У пасланні, апублікаваным на сайце віншавальніка, эканоміка Кот-д’Івуара называецца адной з “найбольш хуткарастучых” у свеце.

У гэтай сувязі, на думку Лукашэнкі, краіна “з’яўляецца пераканаўчым сведчаннем эфектыўнасці абранага ўладай курсу і адкрывае новыя магчымасці для міжнароднага супрацоўніцтва”.

Аўтар віншаванні вызначыў Кот-д’Івуар “адным з перспектыўных гандлёвых партнёраў у Афрыцы”, якому Мінск можа прапанаваць “паспяховы досвед рэалізацыі праектаў” на кантыненце “па такіх напрамках, як падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў у розных галінах і ўмацаванне харчовай бяспекі, уключаючы забеспячэнне тэхнікай і абсталяваннем для механізацыі сельскай гаспадаркі, угнаеннямі, тэхналогіямі і прадуктамі харчавання”.

Лукашэнка “выказаў надзею”, што “будучыя візіты на ўсіх узроўнях і актыўная кааперацыя бізнес-колаў дзвюх краін прынясуць значныя вынікі на карысць абедзвюх дзяржаў”, гаворыцца ў віншаванні.

У мінулым годзе ў аналагічным пасланні Лукашэнка выказваў гатоўнасць пастаўляць у Кот-д’Івуар “якасныя тавары, ужо добра вядомыя ў свеце». У прыватнасці — “беларускія прадукты харчавання, угнаенні, розныя віды тэхнікі, медыцынскія прэпараты”.

31 ліпеня на нарадзе з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі Лукашэнка заявіў, што Афрыка стала “дастаткова значным гандлёвым партнёрам Беларусі”. За 2024 год экспарт у Афрыку “павялічыўся амаль у 3,5 раза да рэкорднага паказчыка ў амаль 650 млн долараў”. Доля Афрыкі ў беларускім экспарце ўзрасла з 1,5% да больш чым 3%.

Лукашэнка лічыць, што Беларусі “па сілах выйсці на ўстойлівы 1 млрд, а лепш — 1,5 млрд долараў экспарту ў год да канца пяцігодкі”: “Кантроль і попыт з нашых дыпламатаў у Афрыцы павінны стаць беспрэцэдэнтнымі”.

Актуальных звестак аб узаемным гандлі паміж краінамі ў адкрытым доступе няма. Паводле інфармацыі МЗС, у 2021 годзе тавараабарот Мінска і Ямусукра склаў 60,6 млн долараў (беларускі экспарт — 27,4 млн, івуарыйскія пастаўкі — 33,2 млн). Беларусь у асноўным пастаўляла ўгнаенні, прадукцыю металапракату, сметанковае масла, кнігі і брашуры. У зваротным кірунку ішлі каўчук, арэхі, а таксама звязаныя з какавай прадукты — бабы, паста, парашок, алей.

Амбасадар Беларусі ў Нігерыі Вячаслаў Брыль уручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Кот-д’Івуара ў якасці амбасадара па сумяшчальніцтве 20 красавіка 2021 года. Інфармацыі аб уручэнні грамат прэзідэнту краіны няма.

Кот-д’Івуар, які з’яўляецца членам Савета ААН па правах чалавека, устрымаўся пры галасаванні дадзенага органа па рэзалюцыі “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі” 4 красавіка 2024 года.

Падзяліцца: